Міхаіл Саакашвілі стаў галоўным ньюсмейкерам украінскага медыяполя

5 декабря 2017

Свет сочыць за трагікамічнымі падзеямі ў Кіеве. Сёння адзін з галоўных ньюсмейкераў украінскага медыяполя - былы прэзідэнт Грузіі і экс-губернатар Адэскай вобласці Міхаіл Саакашвілі - пагражаў саскочыць з даху, быў затрыманы, а потым вызвалены сваімі прыхільнікамі. Зараз Саакашвілі "акопваецца" ля сцен Вярхоўнай рады і заклікае кіяўлян на новы Майдан. І тое, што чатыры гады назад называлі “рэвалюцыяй гіднасці”, сёння ўлады кваліфікуюць, як спробу дзяржаўнага перавароту. Ці "прышыюць" Саакашвілі заадно і ўдзел у майданах у 2004-ым і 2013-ым гадах, пакуль невядома. Паведамляецца толькі, што паводле звестак контрразведкі, былы грузінскі лідар атрымаў праз пасрэднікаў паўмільёна долараў за арганізацыю акцый пратэсту ў Кіеве. Аб узлётах і падзеннях Міхаіла Саакашвілі - наступны рэпартаж.

Расказвае Юрый Казлоў. Міхаіл Саакашвілі - экс-прэзідэнт Грузіі, а зараз - чалавек без грамадзянства і высокай пасады - стаў адным з галоўных асоб украінскай палітыкі ў 2015-м. Тады Кіеў актыўна запрашаў вопытных у правядзенні рэформ іншаземцаў на ключавыя пасады. Саакашвілі быў прызначаны кіраўніком Адэскай аблдзяржадміністрацыі. Праўда, адносіны былога грузінскага прэзідэнта з Цэнтрам даволі хутка сапсаваліся.

Саакашвілі неаднаразова вінаваціў людзей з асяроддзя кіраўніка дзяржавы ў карупцыі і ўжо ў 2016-м быў звольнены. Аднак яго палітычная энергія не вычарпалася. Хутчэй наадварот.

Лета гэтага года. Пазбаўлены ўкраінскага, а раней яшчэ і грузінскага грамадзянства, Саакашвілі штурмам прарываецца ва Украіну з Польшчы, а затым арганізоўвае ля сцен Рады акцыю пратэсту з палаткамі, але без пячэнек. Мабыць з-за гэтага акцыя не збірае так званай крытычнай масы пратэстуючых, затое атрымлівае добрую назву - "міхамайдан". Паралельна з вулічнымі выступленнямі, Саакашвілі вядзе барацьбу ў прававым полі - спрабуе вярнуць грамадзянства і нават падае іск супраць Пятра Парашэнкі, вінавацячы былога лепшага сябра ў арганізацыі крадзяжу ўласнага пашпарта і заклікаючы да імпічменту кіраўніка дзяржавы. Украінская Феміда ўвесь гэты час таксама не драмала і сёе-тое "накапала" на амбіцыйнага палітыка. Гэтай раніцай да Міхаіла Саакашвілі прыйшлі з вобыскам. Далей падзеі разгортваліся як у галавакружным трылеры.

Пакуль супрацоўнікі пракуратуры і байцы СБУ ламалі дзверы ў кватэру амбіцыйнага палітыка, Саакашвілі ўзлез на дах 8-павярховіка і паабяцаў саскочыць з яго, калі сілавікі пачнуць вобыск. Свайго абяцання Саакашвілі, на шчасце, не стрымаў і быў эвакуіраваны з даху праваахоўнікамі. У гэты час прыхільнікі палітыка ачапілі аўтамабіль спецслужб і адбілі свайго лідара ў байцоў СБУ. Падчас сутычкі прагучала некалькі стрэлаў. Саакашвілі, карыстаючыся выпадкам, некалькі разоў выступіў з прамовай, абвінаваціўшы ў сваім затрыманні "агентаў Крамля" і заклікаў людзей ісці да будынка парламента. Што цікава, украінская пракуратура называе "агентам Крамля" самога Саакашвілі. Афіцыйная Масква прамога адказу на пытанне, хто ж насамрэч чый агент, не дае.

У якасці доказу віны Саакашвілі ўкраінская пракуратура апублікавала запісы тэлефонных размоў палітыка з алігархам Курчэнкам, які нібыта спрабуе ўзяць пад кантроль палітычныя працэсы ва Украіне па ўказанні беглага прэзідэнта Януковіча.

Украінскія палітолагі ўжо гавораць аб злой іроніі - цяперашнія падзеі да болю нагадваюць Майдан 2013-га. З той розніцай, што чатыры гады назад пратэсты ў Кіеве называлі “рэвалюцыяй гіднасці”, а зараз - спробай перавароту. За яе Саакашвілі пагражае турэмны тэрмін.

На вобыск кватэры экс-прэзідэнта Грузіі ўжо адрэагаваў Брусель. Еўрапейскія палітыкі выказалі надзею, што следства будзе адпавядаць патрабаванням дзеючага заканадаўства і правы грамадзяніна Саакашвілі парушаныя не будуць. Дарэчы, чатыры гады назад заявы еўрачыноўнікаў у дачыненні тагачасных улад Украіны былі куды больш ультыматыўнымі.