Міністэрства замежных спраў РФ: Хімзброя "Навічок" на тэрыторыі Расіі ніколі не выраблялася

17 марта 2018

Масква высылае брытанскіх дыпламатаў. На працягу тыдня Расію павінны будуць пакінуць 23 супрацоўнікі дыпмісіі Злучанага Каралеўства. Таксама адкліканы дазвол на адкрыццё новага консульства Вялікабрытаніі ў Санкт-Пецярбургу і спынена дзейнасць Брытанскага савета. Гэта грамадская арганізацыя, праз якую расіяне маглі здаць міжнародны экзамен па англійскай альбо паступіць у ВНУ Злучанага Каралеўства. Усе гэтыя меры сталі адказам на высыланне 23 расійскіх дыпламатаў з Вялікабрытаніі.

Дыпламатычны скандал паміж Лонданам і Масквой разгарэўся на фоне атручання былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі ў горадзе Солсберы. Віну на інцыдэнт брытанскі ўрад усклаў на Расію. Расійскія дыпламаты адпрэчваюць абвінавачанні, называюць іх бяздоказнымі.

Паводле даных брытанскіх следчых, Сяргей Скрыпаль і яго дачка былі атручаныя рэчывам нервова-паралітычнага дзеяння "Навічок", якое распрацоўвалася ў СССР. Афіцыйны прадстаўнік расійскага Міністэрства замежных спраў заявіла сёння, што хімзброя з такой назвай на тэрыторыі Расіі ніколі не выраблялася. А магчымымі пастаўшчыкамі газу, ад якога пацярпеў былы разведчык, маглі стаць Вялікабрытанія, Славакія, Чэхія альбо Швецыя - падкрэсліла Марыя Захарава.