Да 15 узрасла колькасць ахвяр авіякатастрофы ў Казахстане

27 декабря 2019
У бальніцы дастаўлены 66 пасажыраў, 50 з іх шпіталізаваны, 12  у цяжкім стане. 19 пацярпелых -  дзеці. Выратаваць удалося немаўля. Паводле папярэдніх звестак, пілот памёр. На месцы крушэння працягваецца выратавальная аперацыя. 

Сёння раніцай самалёт рэйсам у Нур-Султан адразу пасля ўзлёту страціў вышыню, прабіў бетонавую агароджу і сутыкнуўся з двухпавярховай пабудовай у раёне жылога сектара. На борце знаходзіліся 95 пасажыраў і 5  членаў экіпажа. 

МЗС Беларусі высвятляе,  ці былі сярод іх нашы грамадзяне.


Да высвятлення ўсіх акалічнасцяў трагедыі ў Казахстане прыпынена дзейнасць авіякампаніі Bek Air, якой належаў самалёт, што разбіўся, і палёты паветраных суднаў тыпу "Фокер-100". Міжнародны аэрапорт Алматы працуе ў штатным рэжыме, змяненняў  у раскладзе рэйсаў у сувязі з надзвычайным здарэннем няма.