МЗС Беларусі рэкамендуе грамадзянам, якія знаходзяцца ў Ізраілі, пазбягаць месцаў правядзення пратэстных акцый

15 мая 2018

У нашай краіне занепакоеныя эскалацыяй гвалту на размежавальнай рысе паміж ізраільскімі і палесцінскімі тэрыторыямі, якая прывяла да шматлікіх ахвяраў сярод грамадзянскага насельніцтва.

У сваёй заяве МЗС Беларусі заклікае бакі да стрыманасці і адмовы ад дзеянняў, якія могуць прывесці да далейшага кровапраліцця.

На дадзены момант лік загінуўшых у сутыкненнях з ізраільскімі вайскоўцамі палесцінцаў дасягнуў 61-го чалавека. Сярод ахвяраў - жанчыны і дзеці.

Руперт Колвіл, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека: "Афіцыйна заяўлена, што вінаваты ва ўсім ХАМАС, але нельга ігнараваць той факт, што забітыя дзеці, забітыя жанчыны, няўзброеныя пратэстанты. Ізраіль мае права абараняць свае межы. Так. Але толькі выконваючы міжнароднае права і прынцыпы. А дапусціць столькі смярцей - гэта крайняя, нічым не апраўданая мера".

Сутыкненні пачаліся на фоне пераносу пасольства ЗША з Тэль-Авіва ў Іерусалім. Палесцінская аўтаномія лічыць гэты горад сваёй непадзельнай сталіцай. Гэты крок ЗША працягвае крытыкавацца. Турцыя адклікала сваіх паслоў з Вашынгтона і Тэль-Авіва і прапанавала паслу Ізраіля пакінуць краіну.

Рэджэп Эрдаган у сувязі з трагічнымі падзеямі разам з Палесцінай аб'явіў трохдзённую жалобу. Асудзілі гвалт у рэгіёне Сірыя, Саудаўская Аравія, Катар, Бахрэйн, Венесуэла, Францыя. Шакіраваныя супрацьстаяннем улады Вялікабрытаніі і Германіі.

А ў Нью-Ёрку прайшло экстраннае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН. Пачалося яно з хвіліны маўчання ў памяць аб загінуўшых. Краіны настойваюць на неабходнасці тэрмінова правесці расследаванне і ўстанавіць, чаму на мяжы Сектара Газа і Ізраіля дапушчаецца выкарыстанне такой колькасці баявых прыпасаў.