Міжнародная антынаркатычная канферэнцыя прайшла ў Маскве

16 мая 2014
У Афганістане можа з'явіцца сусветны цэнтр па барацьбе з наркавытворчасцю. Такая прапанова прагучала ў Маскве на міжнароднай антынаркатычнай канферэнцыі. У форуме ўдзельнічалі прадстаўнікі больш чым 50 краін.

Што дапаможа справіцца з гіганцкім ростам наркатрафіку, даведаўся Максім Кароткін.

За час правядзення антынаркатычнай канферэнцыі ў свеце ад наркотыкаў памерла каля 150 чалавек. Згодна са статыстыкай, якую прыводзілі тут спецыялісты, смяротнасць ад спажывання наркотыкаў складае да 20 чалавек за гадзіну. Нядзіўна, што гэтая праблема адна з галоўных для сусветнай супольнасці.

Традыцыйна ў барацьбе з наркотыкамі вылучылі тры складнікі: паліцэйскія аперацыі, альтэрнатыўнае развіццё ў краінах-вытворцах і транзіцёрах і іх наступная рэабілітацыя. Сёння ўпэўнена гавораць пра неабходнасць нанесці магутны ўдар і па вытворцах.
Лічбы простыя і бязлітасныя. 90% гераіну ў свеце вырабляюцца ў Афганістане, і за апошнія 13 гадоў аб'ёмы яго вытворчасці выраслі ў 40 разоў.

Лагічна, што міжнародны цэнтр барацьбы з наркотыкамі прапануюць размясціць менавіта тут пасля вываду кааліцыйных сіл. Афганская праблема - адна з галоўных для Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. І сумесныя аперацыі па прадухіленні трафіку наркотыкаў з поўдня для членаў АДКБ даўно ўжо будні.

Беларускую дэлегацыю на гэтай канферэнцыі дадаткова цікавіў сусветны вопыт барацьбы з наркотыкамі шляхам удасканалення нарматыўнай базы.

Дарэчы, з пачатку года ў нашай краіне практычна не засталося гераіну - гэта вынік ўзмацнення заканадаўства. Аднак гэта не значыць, што з праблемай пакончана.

Таму і прагучала прапанова ўвесці новую мадэль барацьбы з наркабізнесам. Знішчэнне баз вырабу, лічаць спецыялісты, дазволіць нанесці ўдар па прычыне, а не змагацца з вынікамі наркавытворчасці. І першыя пяць буйных наркалабараторый на поўначы Афганістана былі знішчаныя літаральна напярэдадні.