Павіншаваць сваіх расійскіх паплечнікаў прыехалі прадстаўнікі камуністычных партый з Кітая, Турцыі, Кубы, Бразіліі, Аргенціны і Чылі. У дэманстрацыі прынялі ўдзел каля 70-ці тысяч чалавек. Камуністы з усяго свету пранеслі партрэты Леніна, Сталіна і Чэ Гевары ад Пушкінскай плошчы да плошчы Рэвалюцыі. Ці жывыя сёння запаветы Ільіча? - з Масквы Дар'я Белавусава-Пятроўская.
Дзень 7 лістапада - чырвоны дзень календара! Гэты выраз ведаў кожны чалавек, хто нарадзіўся і вырас у Савецкім Саюзе. Да 1991 года Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі - галоўнае свята ў СССР. На святочныя дэманстрацыі выходзяць сотні тысяч працаўнікоў па ўсёй краіне.
Нягледзячы на тое, што ў Расіі 7 лістапада, гэта ўжо не дзяржаўнае свята, і нават не выхадны дзень, кастрычніцкая дэманстрацыя ў цэнтры Масквы сабрала каля 70-ці тысяч чалавек. Рэвалюцыйныя слоганы гучаць на розных мовах свету. Адсвяткаваць 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі прыехалі камуністы з Італіі, Кітая, Турцыі і, здаецца, з усіх краін Лацінскай Амерыкі.
Давід Мілоне, член Камуністычнай партыі Кубы: "Для нас, кубінцаў, рэвалюцыйныя прынцыпы Чэ Гевары, заўсёды ў нашых сэрцах. І сёння, у Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, мы тут, у сталіцы Расіі, каб прайсці адзіным маршам з нашымі паплечнікамі".
Філіпе Барна, член Камуністычнай партыі Чылі: "Сёння з Чылі прыехала вялікая дэлегацыя, больш за 30 чалавек. Кастрычніцкая рэвалюцыя - гэтая важная падзея для камуністаў усяго свету. Сяляне і рабочыя атрымалі незалежнасць, а з ёй і права на бясплатную медыцыну, адукацыю, 8-гадзінны рабочы дзень".
У сучаснай Расіі, 7 лістапада пераназвалі ў Дзень згоды і прымірэння, пэўна з намёкам на неабходны мір сярод прыхільнікаў розных ідэалагічных поглядаў. Для партыі Камуністаў Расіі гэтая дата - яшчэ адна падстава нагадаць сваім прыхільнікам аб сабе і аб сваіх дасягненнях.
Паводле апытання, якое правёў Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі, толькі 13 % расіянаў лічаць, што рэвалюцыянеры ў кастрычніку 1917 года імкнуліся змяніць жыццё краіны да лепшага. А 42 % апытаных, наогул не змаглі назваць мэты прыхільнікаў Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Сёння шматлікія масквічы і госці сталіцы прыходзяць у гэтае месца. У год 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Маскве адкрылі помнік "Сцяна смутку". Гэта мемарыял ахвярам палітычных рэпрэсій. Паводле афіцыйных звестак, з 20 па 50 гады мінулага стагоддзя ахвярамі бальшавізму сталі каля 6 мільёнаў чалавек.













