Марыяна Рахой адправіў у адстаўку ўрад Каталоніі

28 октября 2017

Прэм'ер-міністр Іспаніі Марыяна Рахой адправіў у адстаўку ўрад Каталоніі на чале з Карлесам Пучдэмонам і распусціў парламент рэгіёна. Гэтае рашэнне было прынята пасля аднабаковага аб’яўлення незалежнасці з боку каталонскіх уладаў. Таксама Рахой зняў з пасад усіх членаў урада і адхіліў ад выканання абавязкаў кіраўніка мясцовага МУС. Закрыты і прадстаўніцтвы Каталоніі ў іншых краінах.

Дату выбараў, па выніках якіх рэгіён павінен атрымаць новы ўрад, Рахой прызначыў на 21 снежня. Еўрасаюз ужо заявіў, што не прызнае незалежнасць Каталоніі і збіраецца мець справу выключна з уладамі Іспаніі. Не падтрымалі незалежнасць Каталоніі і ЗША.

Напярэдадні ў Барселоне прайшоў мітынг прыхільнікаў захавання Каталоніі ў складзе Іспаніі, якія лічаць незаконным рашэнне парламента аўтаномнай супольнасці аб абвяшчэнні незалежнасці. У гэты ж час на вуліцах горада прайшлі акцыі ў падтрымку незалежнасці Каталоніі.