Ліга арабскіх дзяржаў заклікае Турцыю спыніць ваенную аперацыю "Крыніца міру"

13 октября 2019
У топе міжнародных навін на тыдні як раз тыя самыя, што звязаныя з бяспекай. І не толькі еўрапейскай. Ліга арабскіх дзяржаў заклікае Турцыю без прамаруджання спыніць ваенную аперацыю "Крыніца міру" на паўночным усходзе Сірыі. Паводле апошніх даных, па абодва бакі мяжы загінулі каля 50 мірных жыхароў. Узмацняецца гуманітарны крызіс. Больш як 100 тысяч чалавек пакідаюць раёны актыўных баявых дзеянняў.

Тым часам у Старым Свеце… Кіраўнік Міністэрства юстыцыі ФРГ Крысціна Ламбрэхт выступае за паслядоўнае праследаванне па законе праваэкстрэмістаў. Яна занепакоена ростам антысеміцкіх атак і адзначае, што тэракт у Гале стаў сумным самы нізкім пунктам доўгатэрміновай тэндэнцыі. 9 кастрычніка ў сінагозе прагрымелі стрэлы. Былі забітыя два чалавекі. А перад гэтым зламыснік спрабаваў прабрацца ў сінагогу, дзе з нагоды свята Ём-Кіпур у гэты момант знаходзіўся 51 чалавек. Ён вёў прамую трансляцыю ў інтэрнэце.

Ну і для поўнасці карціны не хапае яшчэ і аператыўнай зводкі з марскіх прастор. Іранскі нафтавы танкер "Сабіці", які трапіў пад напад, вернецца ў Іран праз 9 або 10 дзён. Аб гэтым расказалі ў Нацыянальнай танкернай кампаніі Ірана. Іранскі бок мяркуе, што гэта магло быць тэрарыстычнай атакай.

Дзяржаўнае тэлебачанне са спасылкай на прадстаўнікоў Нацыянальнай танкернай кампаніі Ірана паведаміла, што ў судна трапілі дзве  ракеты. У выніку, як паведамляецца, былі пашкоджаныя два нафтавыя рэзервуары, нафта трапіла ў Чырвонае мора. Судна, якое знаходзілася ў гэты момант недалёка ад саўдаўскага порта, сур'ёзна пацярпела і загарэлася. Іран працягвае вывучаць акалічнасці здарэння і весці расследаванне.

Як  тут не ўспомніць, што менш чым месяц таму дронамі былі атакаваныя заводы найбуйнейшай саудаўскай кампаніі "Арамка". Гэта прывяло да збою нафтаздабычы каралеўства. Цэны на нафту адразу падняліся на 20 працэнтаў. А да гэтага два танкеры, якія належаць нарвежскай і японскай кампаніям, пацярпелі бедства ў Аманскім заліве.