Лідары краін "нармандскай чацвёркі" абмеркавалі па тэлефоне вынікі пасяджэння трохбаковай кантактнай групы ў Мінску

24 июля 2015

Яно, нагадаем, прайшло ў пачатку тыдня. Падчас сустрэчы ўдзельнікі перамоў ад Украіны, АБСЕ і Расіі ўзгаднілі тэкст дакумента аб адводзе ад лініі судакранання ўзбраення калібрам да ста міліметраў. Кіраўнікі "чацвёркі" прывіталі гэты крок і акцэнтавалі ўвагу на неабходнасці выканання мінскіх дамоўленасцяў. Пакуль жа сітуацыя ва Украіне застаецца напружанай. Паводле звестак назіральнікаў, у Данбасе працягваюцца перастрэлкі. Неспакойна і за межамі зоны канфлікту. Напярэдадні ў Кіеве невядомы выстраліў у будынак аддзялення Украінбанка з гранатамёта. Пацярпелых няма. Міліцыя кваліфікавала дзеянне як хуліганскі акт. Узбуджана крымінальная справа. Усё гэта адбылося на фоне канфлікту "Правага сектара" з уладамі краіны. Раней радыкалы арганізавалі ў сталіцы серыю масавых акцый і прыгразілі кіраўніцтву краіны новай рэвалюцыяй.

Афіцыйны Кіеў між тым пакуль заняты вырашэннем эканамічных праблем. Сёння Украіна выплаціла 120 мільёнаў долараў па еўрааблігацыях 2012 года. Такім чынам краіна пазбегла тэхнічнага дэфолту. Нагадаем, дзярждоўг Украіны - каля 70 мільярдаў долараў, 40 з іх - знешняя запазычанасць.