Трагедыя ў Лас-Вегасе

2 октября 2017

Трагедыя ў Лас-Вегасе прызнаная найбуйнейшым масавым расстрэлам у найноўшай гісторыі ЗША. Паводле інфармацыі, якая паступае зараз, колькасць ахвяраў узрасла да 58 чалавек, больш як 400 пацярпелі. Крывавыя падзеі разгарнуліся мінулай ноччу на музычным фестывалі. 64-гадовы Стывен Пэдак, узброены да зубоў, адкрыў агонь з балкона гатэля. Пазней у яго нумары знойдуць 10 адзінак зброі. Сам стралок пакончыць з сабою. Тут жа пасыпалася інфармацыя пра яго дачыненне да "Ісламскай дзяржавы". Непасрэдна ў тэрарыстычнай групоўцы сцвярджалі, што падазроны некалькі месяцаў таму прыняў іслам. Аднак у ФБР гэтую інфармацыю аспрэчылі. Прэзідэнт ЗША назваў здарэнне "актам абсалютнага зла". У сераду Дональд Трамп плануе наведаць месца трагедыі. Шчырыя словы спагады родным і блізкім загінуўшых і ўсім, каго закранула гэтая трагедыя, а таксама пажаданні ад усіх беларусаў і сябе асабіста хуткай папраўкі пацярпелым Прэзідэнту ЗША накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Пра бязлітасную расправу ў Лас-Вегасе - Анатоль Ліпецкі.

Новы расстрэл. Амерыка ў жаху прызнае яго самым крывавым і бязлітасным. Ахвярамі страляніны ля гасцінічнага комплексу Mandalay Bay Casino ў Лас-Вегасе сталі больш за 50 чалавек. Звыш 400 былі адпраўленыя ў бальніцы. 64-гадовы Стывен Пэдак (ён раней не трапляў у поле зроку праваахоўных органаў) адкрыў агонь падчас выступлення вядомага амерыканскага выканаўца кантры-музыкі Джэйсана Олдына, якое праходзіла ў рамках фестывалю на сцэне пад адкрытым небам.

Пазней шэрыф Лас-Вегаса заявіў, што Пэдак пакончыў з сабою яшчэ да штурму. Меркаваную спадарожніцу стралка аб'явілі ў вышук. Паліцэйскія таксама заняліся транспартнымі сродкамі, якія, магчыма, выкарыстоўваліся на этапе падрыхтоўкі да злачынства. Агонь вёўся з балкона 32-га паверха гатэля. І паліцыя адзначае, што людзі ў момант страляніны былі ў забойцы як на далоні. Сапраўды, ён дзейнічаў вольна, а вось ахвяры ў паніцы спрабавалі вызначыць шлях да выратавання.

Лас-Вегас - у крыві. Людзей на ўсякі выпадак усё яшчэ просяць трымацца далей ад зараз ужо небяспечнага раёна. Пасля інцыдэнту ў сталіцы ігральнага бізнесу ЗША аэрапорт часова прыпыняў прыём і вылет рэйсаў.

Сярод загінуўшых і параненых ёсць праваахоўнікі. Іх калегі адкрыта выказваюць незадаволенасць тым, што на руках у насельніцтва становіцца ўсё больш зброі. Дарэчы, адпаведнае заканадаўства ў штаце Невада, у якім і знаходзіцца Лас-Вегас, ужо ніяк не назавеш жорсткім. Для куплі і нашэння зброі там не патрэбна спецыяльная ліцэнзія. Акрамя таго, закон дазваляе продаж аўтаматычнай зброі і не абмяжоўвае памер магазіна. Пры гэтым кожная са спецслужбаў лічыць сябе важнейшай за іншую, а гэтае суперніцтва ніяк не дадае эфектыўнасці ў прадухіленні або мінімізацыі наступстваў падобных атак.

22:08 па мясцовым часе. 1 кастрычніка ўвойдзе ў сучасную амерыканскую гісторыю як дзень самага смяротнага, самага масавага публічнага расстрэлу. Жудаснае лідарства ў колькасці ахвяраў горада Арланда, дзе забілі наведвальнікаў клуба, пратрымалася крыху больш за 15 месяцаў. Тады загінулі 49 чалавек, 53 атрымалі раненні. Дзесяць гадоў таму масавае забойства ў Віргінскім політэхнічным інстытуце забрала жыцці 32 чалавек, а ў 2012 у пачатковай школе Сэндзі-Хук, што ў штаце Канектыкут, былі застрэленыя 27 чалавек. На жаль, спіс трагедый расце. Колькасць загінуўшых ад рук стралка ў Лас-Вегасе таксама можа ўзрасці.