Курцам у Расіі стала жыць больш складана

15 ноября 2013
У краіне ўступіў у сілу антытытунёвы закон. З сённяшняга дня забаронена курыць за 15 метраў ад уваходу ў падземныя пераходы метро, побач з аэрапортамі і вакзаламі. Свабоднымі ад тытунёвага дыму стануць наваколлі бальніц, школ і дзіцячых пляцовак. Парушальнікаў закону будуць штрафаваць. Падрабязнасці ў нашых карэспандэнтаў.

Расказвае Юрый Казлоў.

Фармальна антытытунёвы закон у Расіі ўступіў у сілу яшчэ паўгода таму - у чэрвені. Але да гэтага дня санкцыі за яго парушэнне нідзе не былі прапісаныя. Тым не менш, праца дэпутатаў ужо прынесла вынік - з пачатку года вытворчасць цыгарэт у краіне скарацілася больш чым на 5%. Быў забаронены продаж тытунёвых вырабаў у кіёсках, праз Інтэрнэт. Вытворцаў абавязалі размяшчаць на пачках цыгарэт страшэнныя малюначкі.

Паводле тэксту дакумента, з 15 лістапада за курэнне ў грамадскіх установах, у пад'ездах жылых дамоў, на вакзалах і аэрапортах будзе накладвацца штраф - ад 15 да 50 долараў у эквіваленце. Аматараў пускаць клубы тытунёвага дыму каля дзіцячых пляцовак пакараюць больш строга - да 90 долараў штрафу. Законам прадугледжаныя санкцыі за ўцягванне ў працэс курэння непаўналетніх і за рэкламу цыгарэт у СМІ. Дарэчы, рэкламаваць нельга не толькі тытунёвыя вырабы, але і курыльныя прылады. Да прыкладу, запальніцы.

Што датычыцца курэння на працоўным месцы, то караць будуць не толькі курцоў, але і працадаўцаў. Так, юрыдычнай асобе супрацоўнік, які курыць у кабінеце, абыдзецца прыкладна ў дзве тысячы долараў.

Паводле слоў дэпутатаў, з часам антытытунёвы закон будзе станавіцца больш жорсткім. Наступныя папраўкі да праекта ўступяць у сілу з 1 чэрвеня 2014-га. Наступным летам у Расіі канчаткова забароняць курэнне ў барах, рэстаранах і цягніках далёкага маршруту. І такія жорсткія меры народныя выбраннікі лічаць цалкам апраўданымі. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод ад хвароб, выкліканых нікацінавай залежнасцю, на планеце памірае больш за 5 мільёнаў чалавек. У Расіі, паводле статыстыкі, кураць 44 мільёны жыхароў - гэта больш за палову працаздольнага насельніцтва краіны.