Куба на 3 дні пагрузілася ў жалобу

19 мая 2018

Краіна смуткуе па ахвярах авіякатастрофы ў Гаване. Па ўсёй краіне прыспушчаныя флагі. Да гэтай хвіліны ў спісе загінуўшых 107 чалавек. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста накіраваў спачуванне старшыні Дзяржсавета і Савета міністраў Кубы Мігелю Дыясу-Канелю. Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў словы падтрымкі родным і блізкім загінуўшых, пажадаў скарэйшага вылячэння пацярпелым. Аб страшнай трагедыі і першых версіях аб прычынах катастрофы з пасажырскім самалётам "Боінг-737" сюжэт Аляксандры Пінчук.

Пасажырскі "Боінг" упаў, ледзь паспеўшы вылецець з міжнароднага аэрапорта Гаваны. Лайнер накіроўваўся ў горад Альгін. Ён знаходзіцца на ўсходзе Кубы. Усяго на борце знаходзіліся 104 пасажыры і 6 членаў экіпажа. Выжыўшых усяго трое - медыкі расцэньваюць стан пацярпелых як крытычны.

Паводле сведчанняў відавочцаў, самалёт адразу пасля вылету спрабаваў вярнуцца ў аэрапорт, аднак ён ляцеў так нізка, што сутыкнуўся з лініямі электраперадач. Першыя здымкі слупоў дыму сталі з'яўляцца літаральна праз некалькі хвілін пасля крушэння - лайнер упаў так блізка да аэрапорта, што яго можна было бачыць з вокнаў.

Ратавальнікі прыбылі праз 12 хвілін. Яны і зараз працуюць на месцы здарэння - працягваюць шукаць астанкі ахвяраў катастрофы. У самім аэрапорце медыкі і псіхолагі аказваюць дапамогу сем'ям загінуўшых, якія літаральна ў адно імгненне страцілі любімых і родных.

Першапачаткова паведамлялася аб 4-х выжыўшых, аднак адзін мужчына памёр па дарозе ў шпіталь. А ахвяраў магло быць яшчэ больш, калі б самалёт упаў на тэрыторыі населенага пункта. Аднак лайнер зваліўся на сельгасугоддзі ў прыгарадзе Гаваны, зусім ледзь-ледзь не даляцеўшы да гарадка Сант'яга-дэ-Лас-Вегас. Мясцовыя жыхары расказваюць, што ўбачылі ў небе слуп дыму.

Спіс загінуўшых дагэтуль не апублікаваны. Паводле папярэдняй інфармацыі, два пасажыры былі родам з Аргенціны, астатнія з'яўляліся кубінцамі. Пасольства Беларусі ў Кубе высвятляе, ці знаходзіліся на борце грамадзяне нашай краіны. На месца здарэння прыехаў старшыня Дзяржсавета Кубы.

Афіцыйная прычына крушэння яшчэ не названая. Аднак галоўная версія - тэхнічная няспраўнасць. Зрэшты, у авіякампаніі сцвярджаюць, што самалёт меў усе патрэбныя дазволы на вылет, нягледзячы на тое, што яму было ўжо амаль 40 гадоў. Зараз галоўная задача спецыялістаў - адшукаць сярод абломкаў бартавыя самапісцы. Менавіта яны пральюць святло на сапраўдныя прычыны страшнай катастрофы.