Храналогія драматычных падзей у Італіі

24 августа 2016

Галоўная навіна ўсіх сусветных СМІ сёння - магутнае землетрасенне ў Італіі. Яно адбылося ў цэнтральнай частцы краіны (на Апенінах) уначы, калі ўсе людзі спалі. Было зафіксавана некалькі падземных штуршкоў і каля 20-ці афтэршокаў. Паводле апошніх звестак, у спісе загінуўшых ужо 84 чалавекі. Наконт колькасці параненых гаварыць складана, іх сотні, і звесткі павялічваліся на працягу ўсяго дня. Паводле звестак пасольства Беларусі ў Італіі, нашых грамадзян сярод пацярпелых няма. Зараз ратавальнікі разбіраюць завалы. Ход аперацыі кантралюе кіраўніцтва краіны. Ваганні таксама адчуваліся ў Рыме, Фларэнцыі і Балонні. Тым часам сейсмолагі папярэджваюць: рэгіён можа пацярпець ад новых штуршкоў.

Храналогія драматычных падзей у Італіі ў рэпартажы Лізаветы Казаковай.

Страшная бяда заспела жыхароў цэнтральнай вобласці Італіі Умбрыя пасярод ночы прыкладна а палове на чацвёртую па мясцовым часе. Магнітуда штуршкоў, эпіцэнтр якіх знаходзіўся на глыбіні ўсяго 4 кіламетры недалёка ад Перуджы, склала 6,4. Праз гадзіну ў рэгіёне было зафіксавана яшчэ адно землетрасенне - магнітудай 5,4. Падземныя ўдары адчуваліся нават у Рыме, хаця да яго больш чым сто кіламетраў.

Фабрыцыа Курча, дырэктар дэпартамента грамадзянскай абароны пры Савеце Міністраў Італіі: "Мы пакуль не хацелі б называць колькасць загінуўшых і пацярпелых, таму што баімся памыліцца ў лічбах. Але вы павінны ведаць, што мы працуем і працуем эфектыўна. Мы пакуль не можам даставіць усё неабходнае ў некаторыя з пацярпелых раёнаў, але гэтая праблема хутка будзе вырашаная з дапамогай вобласці Лацыа і вайскоўцаў".

У вобласці Умбрыя разбураныя будынкі. Асабліва пацярпелі гарады Аматрычэ, Акумулі і вёска Пескара-дэль-Тронта.

Як паведамляюць мясцовыя ўлады, пад заваламі будынкаў застаецца шмат людзей. У Аматрычэ з-за выкліканага землетрасеннем апоўзня абваліўся мост. Населены пункт адрэзаны ад свету. Электрычнасці няма. Палова горада сцёртая з зямлі.

Італія знаходзіцца на лініях тэктанічнага разлому, і землетрасенне тут - з'ява нярэдкая. На думку прадстаўнікоў Геалагічнай службы ЗША, якія адсочваюць і даследуюць падземныя штуршкі, ахвярамі землетрасення ў Італіі могуць стаць сотні людзей - уся справа ў недастатковай сейсмаўстойлівасці мясцовых будынкаў. Эканамічны ўрон ад бедства яшчэ трэба ацаніць. Зразумела, што ён будзе вельмі значным.

Землетрасенне ў Аквіле (гэта таксама цэнтральная вобласць Абруца) адбылося 6 красавіка 2009 года. Магнітуда штуршкоў складала 5,8. Ахвярамі ўдару сталі 309 чалавек, паўтары тысячы атрымалі раненні. Каля 70-ці тысяч засталіся без прытулку.

Дарэчы, ад Аквілы да ачага цяперашняга землетрасення ўсяго 70 кіламетраў. І сейсмолагі папярэджваюць, што за найбліжэйшыя месяцы рэгіён можа пацярпець ад новых штуршкоў.

Нумар тэлефона, па якім беларускім дыпламатам можна паведаміць аб тым, што вашы блізкія знаходзяцца ў пацярпелых раёнах і не выходзяць на сувязь, +393454803465.

Падчас традыцыйнай імшы за душы загінуўшых і здароўе пацярпелых памаліўся Папа Рымскі Францыск. Ён выступіў перад тысячамі вернікаў, якія ў гэты трагічны дзень сабраліся на плошчы Святога Пятра.

Папа Рымскі Францыск: "Хачу падзякаваць усім ратавальнікам і добраахвотнікам, якія дапамагаюць пацярпелым. Прашу ўсіх вас далучыцца да маёй малітвы. Няхай Ісус суцешыць пацярпелых і разам з Дзевай Марыяй прынясе мір і заспакаенне іх сэрцам. Няхай захоўвае вас Бог".

Разбор завалаў у пацярпелых гарадах не спыняецца. Ратавальнікі паведамляюць жудасныя падрабязнасці, бо людзей завальвала камянямі і бетонам літаральна ва ўласных ложках. Сітуацыя драматычная. Сотні людзей дагэтуль лічацца прапаўшымі без весткі.