Каталіцкі свет уступіў у юбілейны Год міласэрнасці

8 декабря 2015

Яго пачатак урачыста абвясціў сёння Папа Рымскі Францыск. У знак уступлення ў пазачарговы "Святы год" адбыўся абрад адкрыцця "Святой брамы" галоўнай базілікі Ватыкана - сабора Святога Пятра. Тысячы вернікаў выстраіліся ў доўгую чаргу, каб паспавядацца і атрымаць папскую індульгенцыю. 13 снежня свае брамы адчыняць і іншыя італьянскія базілікі. У гэты ж дзень Год міласэрнасці пачнецца і ў Беларусі. "Святыя дзверы" адчыняцца ва ўсіх саборах і некаторых святынях, а таксама пройдзе шэраг урачыстых мерапрыемстваў.

Аб гэтым сёння больш падрабязна распавёў і мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Мінску. Ужо ў гэтую нядзелю каталікі сталіцы пасля імшы ў храме Святых Сімеона і Алены з абразом Ісуса Міласэрнага накіруюцца да брамы архікафедральнага касцёла. Завершыцца працэсія малітвай у святыні і ўрачыстым адкрыццём дзвярэй галоўнага каталіцкага храма.

Тадэвуш Кандрусевіч, архібіскуп - мітрапаліт Мінска-Магілёўскі: «Папа таксама можа ўвесці надзвычайны юбілейны год. І Папа гэты год уводзіць. З гэтым Годам міласэрнасці звязаны таксама адпусты. І ў нашай архідыяцэзіі ёсць тры такія святыні, дзе кожны дзень можна атрымаць адпусты: Мінская, Магілёўская катэдры і Будслаўскі санктуарый. Таксама мэта Года міласэрнасці - умацаваць нашу веру, надзею, любоў. Таму розныя набажэнствы будуць праводзіцца, каб гэта адбылося».

Не выключана, што ў вернікаў у новым годзе з'явіцца магчымасць пачуць трансляцыі набажэнстваў і сумесна памаліцца ў радыёэфіры. Касцёл мае намер стварыць "Радыё Марыя".