Карлес Пучдэмон заяўляў пра намер абвясціць суверэнітэт Каталоніі

9 октября 2017

Да падзей у Іспаніі. Кіраўнік каталонскага ўрада перанёс забароненае афіцыйным Мадрыдам пасяджэнне мясцовага парламента. Чакалася, што сёння кіраўнік жэнералітата Карлес Пучдэмон звернецца да народных выбраннікаў з нагоды рэферэндуму аб незалежнасці.

Сам Пучдэмон заяўляў пра намер абвясціць суверэнітэт Каталоніі. Як паведамляюць інфармагенцтвы, пасяджэнне парламента можа адбыцца заўтра. Афіцыйны Мадрыд не прызнае вынікаў плебісцыту, падчас якога 90 працэнтаў каталонцаў выказаліся за аддзяленне ад Іспаніі. У Мадрыдзе адзначаюць, што яўка на рэферэндуме ледзь перавысіла 40 працэнтаў.

Барселона ў сваю чаргу вінаваціць цэнтральны ўрад у жорсткім задушэнні волевыяўлення. У сутыкненнях з паліцыяй, якая спрабавала перашкодзіць правядзенню галасавання, пацярпелі каля 900 чалавек. А напярэдадні ў Барселоне прайшла масавая акцыя ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці каралеўства.