Як рэагуюць буйныя эканамічныя і палітычныя структуры? І што думаюць звычайныя еўрапейцы? Даведаемся ў нашага карэспандэнта ў Бруселі Аляксея Радзівонава.
Ён зараз на прамой сувязі са студыяй (прамое ўключэнне).
Хаос на фінансавым рынку, эканамічны крызіс і рэгіянальны раскол. Прынамсі, менавіта да такога амаль фатальнага сцэнарыя рыхтаваліся палітыкі і звычайныя жыхары як у Еўрасаюзе, так і далёка за яго межамі. Амаль паўгода ліхаманіла брусельскіх еўракамісараў ад рэальнай магчымасці страты аднаго з найважнейшых калег і развалу гадамі адладжанага механізму ЕС. Кіраўнікі краін рыхтаваліся да горшага. І ўсё ж - Злучанае каралеўства выходзіць са складу Еўрапейскага саюза.
Ужо праз некалькі гадзін пасля абвяшчэння вынікаў тут у Бруселі адчуваецца неймавернае напружанне. Большасць банкаў працуюць з перабоямі, кардынальна змяняюць сваю палітыку працы. Паводле аналізу брытанскіх СМІ, гаварыць пра тое, што нешта адбудзецца з курсам долара, еўра, а тым больш фунта стэрлінгаў пакуль рана. Але, згодна з прагнозамі эканамічных аналітыкаў, брытанская валюта павінна рэзка зваліцца ў дачыненні да купюр еўразоны.
Марцін Шульц, прэзідэнт еўрапейскага парламента: "Мы нясем адказнасць перад еўрапейцамі. Я разумею, што зараз яны ў стане нявызначанасці, але гэта і ёсць наша задача - дзейнічаць сур'ёзна і адказна. Дэвід Кэмеран і Брытанія нясуць адказнасць за сябе, мы ж нясем адказнасць у рамках Еўрапейскага Саюза ў цэлым. Заяўляю выразна: мы прымаем гэты вынік. Вялікабрытанія вырашыла сысці, і зараз мы павінны абмеркаваць з нашымі партнёрамі ў свеце і ў рамках ЕС, як зладзіцца з гэтым. Звычайна гэта робіцца шляхам цвярозага аналізу".
Што ж датычыцца саміх жыхароў Бруселя і Бельгіі ў цэлым, то гаварыць пра негатыўны або, наадварот, пазітыўны настрой у грамадстве тут пакуль рана. Можна сказаць, што людзі дагэтуль проста не зразумелі наступстваў усяго што адбываецца. Аднак ужо з першых апытанняў робім выснову, што ў маштабах усяго ЕС брэксіт стаў эканамічнай і сацыяльнай катастрофай, наступствы якой звычайны еўрапеец усвядоміць толькі праз час.
Аддаць свой голас за магчымасць пачаць новую главу ў брытанскай гісторыі маглі больш за 46 мільёнаў чалавек з Вялікабрытаніі, Ірландыі і краін садружнасці, праўда, з умовай - знаходзіцца на тэрыторыі Злучанага каралеўства электарат абавязаны легальна. Пры гэтым, як сцвярджаюць эксперты, з такім катастрафічным зыходам галасавання Англія запусціла так званы эфект даміно. Пра намер правесці аналагічны рэферэндум выказаліся палітыкі і жыхары Германіі, Францыі, Чэхіі і Галандыі, што, без сумнення, стане непазбежнай прычынай паслаблення інстытутаў улады або і наогул поўнага распаду Еўрасаюза.













