Новым Генеральным сакратаром ААН стаў Антоніу Гутэрыш. Яго кандыдатуру зацвердзілі на пасяджэнні Генасамблеі, прыняўшы адпаведную рэзалюцыю без галасавання.
Экс-прэм'ер Партугаліі і былы Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Антоніу Гутэрыш стаў лідарам гонкі ўжо ў першым туры галасавання Савета Бяспекі і за мінулыя шэсць раўндаў ні разу не апусціўся ніжэй за першы радок. Падчас дэбатаў Гутэрыш заявіў, што на пасадзе Генеральнага сакратара зможа аказаць рэальную дапамогу, скараціўшы пакуты людзей, і супрацьстаяць ксенафобіі, расізму і гвалтоўнаму экстрэмізму.
Усяго за пасаду кіраўніка сусветнай арганізацыі змагаліся 13 чалавек, сем з іх - жанчыны. На наступным тыдні ў Генасамблеі ААН адбудзецца першае нефармальнае пасяджэнне дзяржаў - членаў арганізацыі з абраным генеральным сакратаром. Аднак выконваць свае абавязкі Антоніу Гутэрыш пачне 1 студзеня.