Ізраіль сёння развітаўся з Арыэлем Шаронам

13 января 2014

Ён змяніў ход гісторыі Ізраіля. Яго называюць бліскучым вайскоўцам і тонкім палітыкам. Сёння ўвесь свет развітаўся з Аэрылем Шаронам. Ён памёр ад сардэчнай недастатковасці на 86-ым годзе жыцця 11 студзеня. Шарон перанёс інсульт, пасля чаго шмат гадоў знаходзіўся ў коме. Чалавек з беларускімі каранямі Шарон быў выдатным дзяржаўным дзеячам. Пра гэта сёння гаварылі ўсе, хто ўдзельнічаў у цырымоніі развітання. На яе прыбылі сусветныя палітыкі і грамадскія дзеячы. Гісторыя легендарнага чалавека, якім ён быў і якім яго запомнілі, - у рэпартажы нашых карэспандэнтаў.


Расказвае Вольга Давідовіч: Ізраіль сёння развітаўся з Арыэлем Шаронам - адной з самых яркіх і супярэчлівых фігур у гісторыі сваёй краіны.


Яго за многае крытыкавалі - і за вывядзенне войскаў з пасяленняў з Сектара Газа, і за залішне жорсткія рашэнні на пасадзе камандуючага арміяй. Аднак апошнія ўшанаванні Шарону сёння аддаюць як яго прыхільнікі, так і сапернікі, прызнаючы, што ён стаў ці ледзь не адзіным, хто асабіста ўдзельнічаў у кожным этапе станаўлення дзяржавы Ізраіль. Пры гэтым ён прайшоў шлях ад простага лейтэнанта ў вайне за незалежнасць да кіраўніка ўрада - фактычна, першай асобы ў дзяржаве.


Прэзідэнт Ізраіля Шымон Перэс і прэм'ер-міністр Біньямін Нетаньяху, для якіх Шарон на розных вітках кар'еры быў калегам, начальнікам, падначальным, ідэалагічным апанентам і канкурэнтам, сёння выступілі на жалобнай цырымоніі.


За два дні да варот Кнесета, дзе ўстанавілі закрытую труну, задрапіраваны ў бела-блакітнае палотнішча нацыянальнага флага, прыйшлі тысячы ізраільцян. Пра яго тут гаварылі як пра вялікага лідара, які адрадзіў традыцыю яўрэйскай гераічнасці, як пра легенду арміі, чыёй вышэйшай мэтай было выжыванне краіны.


Арыэль Шарон, які ўзначальваў урад Ізраіля з 2001 па 2006 год, заўсёды лічыўся ястрабам ізраільскай палітыкі. Але ў 2005 годзе ён здзейсніў рэзкі паварот у працэсе блізкаўсходняга ўрэгулявання, абвясціўшы аб эвакуацыі яўрэйскіх пасяленняў з Сектара Газа. Гэты высокі плот - раздзяляльны бар'ер паміж Заходнім берагам ракі Іардан і Ізраілем быў пабудаваны 10 гадоў таму менавіта па ініцыятыве Шарона. І сёння гэта адзін з галоўных сімвалаў сучаснага Ізраіля.


Выдатнага палітыка з беларускімі каранямі пахавалі ў яго родным маёнтку, побач з жонкай. Цырымонію правялі з усімі воінскімі ўшанаваннямі - Арыэля Шарона аддалі зямлі як генерала ізраільскай арміі.


Арыэль Шарон памёр у мінулую суботу ў клініцы пад Тэль-Авівам ва ўзросце 85 гадоў. Апошнія восем з іх ён правёў у коме пасля інсульту, які абарваў яго палітычную кар'еру. Непасрэднай прычынай смерці ўрачы назвалі паступовае спыненне дзейнасці асноўных функцыянальных сістэм арганізма. Як сказаў яго сын журналістам, Шарон пайшоў, калі захацеў пайсці.