З лупіны ў пластыкавую тару

5 марта 2016
Сетка магазінаў "Хоўл Фудс" у ЗША спыніла продаж ачышчаных і запакаваных у пластык апельсінаў праз некалькі гадзін пасля з'яўлення прадукцыі на прылаўках. Сацсеткі загудзелі пасля з'яўлення фота ў "Твітары". Аўтар здымка пакінула каментарый: "Калі б прырода магла прыдумаць, як абгарнуць гэтыя апельсіны, мы б не марнавалі на іх столькі пластыку". Запіс перапосцілі больш за 70 000 карыстальнікаў, у тым ліку СМІ і самі прадстаўнікі "Хоўл Фудс". Праз некалькі гадзін у "Твітары" магазіна з'явіўся запіс у адказ: "Дакладна наша памылка. Іх прыбралі. Мы чуем вас і пакінем іх у натуральнай упакоўцы - у лупіне". Прадпрымальнікі растлумачылі, што многія любяць купляць нарэзаныя і спакаваныя прадукты, хоць апошні эксперымент быў "не да канца прадуманы".