Італія стала эпіцэнтрам успышкі COVID-19 у Еўропе

24 февраля 2020
Італія стала эпіцэнтрам успышкі  новага каранавіруса ў Еўропе. Колькасць пацверджаных выпадкаў заражэння дасягнула 219,  6  чалавек  памерлі. Большасць выпадкаў выяўлены ў вобласці Ламбардыя - там звыш сотні хворых. У спісе інфікаваных таксама  Венета, Эмілія-Раманья, П'емонт і сталічная Лацыа.

Не дапусціць распаўсюджвання COVID-19 у Еўропе


Аўтобус, што прыбыў з Мілана, затрымалі на паўднёвым усходзе Францыі. У аднаго з падарожнікаў западозрылі сімптомы заражэння новым каранавірусам. Ён дастаўлены ў мясцовую бальніцу. Астатнім пасажырам забаранілі пакідаць аўтобус.

А ў Парыжы  санітарныя ўлады аб'явілі экстранны каранцін  у камісарыяце паліцыі 13-й акругі. Будынак ізалявалі пасля таго, як там адчуў недамаганне грамадзянін Кітая. 

На Маўрыкій  не пусцілі пасажыраў самалёта Alitalia. Зараз МЗС Італіі арганізуе вяртанне 40 суграмадзян на радзіму верталётам. 

COVID-19 зафіксавалі ў 31 краіне 


Пра першыя выпадкі  заражэння COVID-19 на сваёй тэрыторыі аб'явілі сёння Ірак, Афганістан, Кувейт і Аман. Ірак і Пакістан закрылі мяжу з Іранам. У гэтай краіне заражаны не меней за 60 чалавек, паведамляецца ўжо аб 12 загінуўшых ад каранавіруса. Часова ўстрымацца ад паездак у Іран рэкамендуюць сваім грамадзянам улады Азербайджана. У Баку з падазрэннем на каранавірус шпіталізаваны два чалавекі, якія пабылі ў заражаным іранскім рэгіёне.