Італія перахапіла модную эстафету ў Лондана і Нью-Ёрка

22 сентября 2013

У Мілане свае новыя калекцыі ўжо паказалі адны з самых вядомых сусветных брэндаў: Дыскваер, Прада, Гучы, Макс Мара, Версачэ... Пра яркія паказы італьянскага Тыдня моды і тэндэнцыі сезона вясна-лета 2014 раскажа Вадзім Марцішэўскі.



Міланскі тыдзень моды, як і сама Італія, славіцца сваім багаццем і раскошай. На подыумных паказах вядомы італьянскі куцюрье Раберта Кавалі зрабіў прыхільніцам сюрпрыз: у вяснова-летняй калекцыі дызайнер цалкам адмовіўся ад прынтаў у тэме сафары, якія даўно сталі фірмовым знакам яго моднага дома. Замест іх на подыуме з'явіліся сукенкі ў дусе Вялікага Гэтсбі, вязаныя кручком вячэрнія туалеты з глыбокімі выразамі на спіне і знакавыя для Cavalli жакеты з вузкімі штанамі. Большасць убораў куцюрье дапоўніў пушыстымі футравымі накідкамі, як насілі ў дваццатых гадах. Чарговы раз Раберта Кавалі даказвае глянцавым рэдактарам, што ён не з тых, хто ідзе за тэндэнцыямі, а сам дыктуе іх. Калекцыя дызайнера - гэта раскоша ў спалучэнні з дзікім шармам кожнага паказанага на подыуме вобраза.



Раберта Кавалі, дызайнер: Я хацеў стварыць вобраз рамантычнай, летуценнай жанчыны, але ў якой абавязкова ёсць свая загадка, таямніца, утоеная ад усіх. Гераіня маёй калекцыі не толькі лёгкая, але і валявая, упэўненая ў сабе жанчына. Таксама, працуючы над стварэннем вобраза, я хацеў паказаць публіцы дзяўчыну сваёй мары.



Галоўнымі трэндамі наступнага сезона, на думку Джорджыа Армані, стануць пастэльныя колеры і свабодныя сілуэты. Адна з самых аб'ёмных калекцый на Тыдні моды ў Мілане складаецца з касцюмаў са штанамі і кактэйльных сукенак плаўных сілуэтаў.


У гэтым сезоне мэтр італьянскай моды Армані зрабіў стаўку на пастэльную палітру - каралавае, блакітнае, серабрыстае і фісташкавае адценні. Расслабленыя камфортныя камплекты выкананыя з атласнага шоўку. Што датычыцца прынтаў, Армані абраў далікатны фларыстычны ўзор і вышыўку ў стылі барока пад тон уборам.


Неўзабаве эстафету прыме Парыж. Але пакуль эксперты фэшн-індустрыі ўпэўненыя, што галоўныя элементы сезона вясна-лета 2014 - гэта багацце насычаных і яркіх колераў, а таксама спалучэнне пачуццёвасці і раскошы.