Скончыўся тэрмін ультыматуму "Ісламскай дзяржавы" японскаму ўраду

23 января 2015

Сёння скончыўся тэрмін ультыматуму баевікоў "Ісламскай дзяржавы" японскаму ўраду. Экстрэмісты запатрабавалі ад уладаў 200 мільёнаў долараў у абмен на жыццё двух японскіх заложнікаў. У аўторак яны з'явіліся на відэа, якое выклалі ў Сетку тэрарысты. Журналіста і прадпрымальніка выкралі ў Сірыі летам. 

Сёння ў Японіі адбылося экстраннае пасяджэнне Савета бяспекі. Раней дзяржава правяла шэраг перамоў па розных каналах наконт лёсу заложнікаў. Іх змест не раскрываецца. 

Між тым, падчас баявых дзеянняў у Сірыі і Іраку было забіта больш за 70 джыхадыстаў з Францыі. Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў краіны Бернар Казнёў. Ён нагадаў, што, згодна з новым законам, улады рэспублікі зараз могуць забіраць дакументы ў сваіх грамадзян, калі ўзніклі падазрэнні, што яны нелегальна ўдзельнічалі ў ваенных аперацыях у гарачых пунктах. Раней кіраўніцтва Францыі прыняло рашэнне ў рамках новага плана барацьбы з тэрарызмам павялічыць амаль на паўтары тысячы чалавек склад МУС.