"Ірма" набірае сілу. На сувязі наша суайчынніца

10 сентября 2017

Ураган "Ірма" ўсё бліжэй падбіраецца да паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа амерыканскага штата Фларыда. У рэгіёне шторм на моры, дождж і парывісты вецер. Могуць пачацца маштабныя паводкі і тарнада. Мясцовыя ўлады правялі адну з найбуйнейшых у найноўшай гісторыі штата эвакуацый насельніцтва. Больш за 70 000 чалавек размешчаныя ў часовых прытулках. Мы звязаліся з нашай суайчынніцай Марыяй Еўтуховіч. Яна ўчора прыняла рашэнне пакінуць Фларыду. І знаходзіцца зараз недалёка ад Атланты.

Марыя Еўтуховіч, жыхарка Фларыды: "Мы знаходзімся на паўночным захадзе штата Джорджыя. Нашы беларускія сябры запрасілі ў госці перачакаць ураган у бяспецы. Звычайна дарога з Маямі да Атланты займае 9-10 гадзін. Наш шлях склаў 25 гадзін. Заторы расцягнуліся аж да штата Алабама. Бензін і ваду раскупляюць імгненна на працягу апошніх пяці дзён. Эвакуацыя мясцовых жыхароў Паўднёвай Фларыды пачалася 4 дні таму. Большасць пакінула штат, але храбрацы, якія засталіся ў Фларыдзе, падрыхтаваліся да прыёму "Ірмы" дасканала. Дзверы і вокны забітыя. Чакаецца страта электрычнасці. Для мясцовага насельніцтва штогадовы сезон ураганаў - гэта норма, але сіла, моц і памеры "Ірмы" трымаюць усіх у напружанні".