Інаўгурацыя новага прэзідэнта Украіны пройдзе праз два тыдні

27 мая 2014

Пра гэта заявілі ў штабе Пятра Парашэнкі. Зараз ЦВК Украіны працягвае падлік галасоў - апрацавана 97% бюлетэняў. Цэнтрвыбаркаму засталося атрымаць пратаколы ўсяго з некалькіх камісій. Праўда, на зыход галасавання гэтыя звесткі ўжо не паўплываюць. Нагадаем, Парашэнку аб'явілі пераможцам прэзідэнцкай гонкі яшчэ напярэдадні.


Бізнесмена падтрымалі каля 55% выбаршчыкаў. Ва Украіне Пятра Парашэнку ўжо называюць унікальным кандыдатам. Упершыню ў гісторыі краіны прэтэндэнту на высокую пасаду ўдалося заручыцца падтрымкай большасці выбаршчыкаў адразу ва ўсіх абласцях краіны. Раней жыхары заходніх і ўсходніх раёнаў дзяржавы, як правіла, галасавалі за розных палітыкаў.


Пётр Парашэнка абяцае ўзяць курс на еўраінтэграцыю і аднавіць дыялог з Масквой. Першымі яго крокамі ў якасці прэзідэнта стануць узмацненне барацьбы з карупцыяй і продаж уласных актываў. Перад новым кіраўніком Украіны стаіць нямала задач. Самая галоўная - аднаўленне міру ва ўсходніх рэгіёнах. Напярэдадні там актывізавалася антытэрарыстычная аперацыя супраць прыхільнікаў федэралізацыі. Вайскоўцы нанеслі ўдары па пазіцыях апалчэнцаў з прымяненнем самалётаў і верталётаў. Баі ішлі ў раёне Данецкага аэрапорта. Пазней стральба ўспыхнула ў межах горада. Загінуўшых і параненых - дзясяткі. Знікла сувязь з групай назіральнікаў АБСЕ.


Лічба не канчатковая. Самі апалчэнцы гавораць аб сотні загінуўшых. Сітуацыя ў рэгіёне застаецца напружанай. Сёння ў Горлаўцы, паведамляюць украінскія СМІ, прыхільнікі федэралізацыі расстралялі двух міліцыянераў. У Славянску, перадаюць РІА Навіны, байцы так званай Данецкай народнай рэспублікі пакаралі двух сваіх паплечнікаў за рабаванне і марадзёрства. У самім Данецку група невядомых захапіла і падпаліла хатнюю арэну хакейнага клуба Данбас. Будынак выгарэў цалкам. Ахвяр і пацярпелых няма.


У СМІ з'явілася інфармацыя аб будучай зачыстцы абласнога цэнтра сілавікамі. Зрэшты, у МУС краіны факт аднаўлення спецаперацыі не пацвердзілі. Разам з тым Парашэнка заявіў аб гатоўнасці аб'явіць на ўсходзе краіны амністыю і пачаць дыялог. Але толькі з тымі апанентамі, якія не ўчынілі цяжкіх злачынстваў і гатовыя скласці зброю.


Яшчэ адно балючае пытанне для ўкраінскіх улад - газавая спрэчка з Расіяй. Раней Брусель заклікаў Кіеў разлічыцца за пастаўкі блакітнага паліва з Масквой. Украінскія ўлады, аднак, упэўнены, што новая цана на газ - яна была аб'яўлена ў красавіку - неапраўдана высокая. Калі да 29 мая Газпрам і Нафтагаз не падпішуць новы кантракт, Украіна абяцае звярнуцца з іскам у Стакгольмскі арбітраж. Перамовы паміж кампаніямі працягваюцца.