Імператар Японіі Нарухіта ўзышоў на прастол

22 октября 2019
У Японіі пачалася эпоха Рэйва - "Выдатная гармонія". У Токіа прайшла цырымонія ўступлення на прастол імператара Нарухіта. Афіцыйна ён заняў трон яшчэ першага мая - пасля адрачэння яго бацькі Акіхіта. Тады ж атрымаў імператарскія рэгаліі: вялікую дзяржаўную і асабістую пячаткі, свяшчэнны меч і каштоўную яшму. Сённяшняя цырымонія сімвалічна завяршыла пераход улады. Паводле шматвяковай традыцыі 59-гадовы манарх, апрануты ў белае адзенне, звярнуўся да сваёй прамаці - багіні Сонца, душ продкаў і багоў, паведаміўшы аб уступленні. А затым ужо ў аранжавым ступіў на хрызантэмавы трон разам са сваёй жонкай. За цырымоніяй сачылі дзве тысячы гасцей з 174 краін і тыя, хто глядзеў трансляцыю ў прамым эфіры. Цырымонія стала самай маштабнай і дарагой за ўсю гісторыю краіны. На яе выдаткавалі амаль 150 мільёнаў долараў.