Групоўка "Ісламская дзяржава" ўзяла на сябе адказнасць за тэракт у прыгарадзе Дамаска

1 февраля 2016

Напярэдадні ў густанаселеным квартале паміж аўтобусным прыпынкам і рынкам спачатку ўзарваўся замініраваны аўтамабіль. Калі людзі сабраліся, каб дапамагчы пацярпелым, смяротнікі прывялі ў дзеянне выбуховыя прыстасаванні. Загінулі 76 чалавек, больш за 110 атрымалі раненні. Сярод ахвяр шмат дзяцей, якія ехалі ў школьным аўтобусе, побач з якім і адбыўся адзін з выбухаў.

МЗС Сірыі таксама назваў тэракт у Дамаску спробай сарваць перамовы ў Жэневе. У мінулую пятніцу ў Швейцарыі стартавалі перамовы ўрада Сірыі і апазіцыйных сіл. Аднак шматлікія эксперты выказваюць меркаванне, што і без тэрактаў сустрэчы могуць закончыцца безвынікова. Дагэтуль так і не змаглі дамовіцца аб складзе дэлегацый. Сусветная супольнасць, у сваю чаргу, настойліва заклікае бакі сесці за стол перамоў, бо менавіта гэты шлях дапаможа Сірыі ўзяць сітуацыю пад кантроль.

Джон Кэры, Дзяржсакратар ЗША: "Я хачу заўважыць, што ваеннага вырашэння сітуацыя ў Сірыі не мае. Без перамоў кровапраліцце будзе працягвацца датуль, пакуль кожны горад і кожны дом не будзе поўнасцю разбураны, і пакуль усе аб'екты інфраструктуры і ўсе прыкметы цывілізацыі не будуць знішчаны. Колькасць тэрарыстаў, што прыцягваюцца да гэтай барацьбы, будзе толькі расці. Канфлікт лёгка можа выйсці з-пад кантролю і ахапіць увесь рэгіён. Толькі перамовы могуць засцерагчы Сірыю ад такога ходу падзей".

Башар Джаафары, пастаянны прадстаўнік Сірыі пры ААН: "Мы не збіраемся мець справу з тэрарыстамі, і не толькі мы гаворым гэта. Рускія гавораць тое ж самае. Шматлікія ўдзельнікі перамоў у Вене прытрымліваюцца такой пазіцыі. Важна ведаць, хто тэрарыст, а хто не".

Канфлікт у Сірыі выліўся вясной 2011. Паспрыяла "арабская вясна". Апаненты законнага прэзідэнта Башара Асада атрымалі падтрымку шэрагу заходніх краін. Але ў 2013 у саміх радах антыўрадавых сіл адбыўся раскол - шматлікія праціўнікі Асада далучыліся да тэрарыстаў "Ісламскай дзяржавы". Паводле звестак ААН, сірыйскі крызіс забраў больш за 220 тысяч жыццяў, у тым ліку мірных людзей. Супраць ісламістаў ваююць Расія, ЗША, дзяржавы Заходняй Еўропы і Персідскага заліва. Так з пачатку расійскай аперацыі ў Сірыі пры яе падтрымцы ўрадавым войскам удалося вызваліць 150 населеных пунктаў.

Хусейн Мэхлуф, губернатар вобласці: "Гэта кроў не спыніць нас, а зробіць больш рашучымі ў барацьбе з тэрарызмам у краіне. Гэтыя выбухі - сур'ёзны выклік, яны прагрымелі ў раёне, якія лічыліся бяспечным. Шматлікія прыехалі сюды з абласцей, што падкантрольныя тэрарыстам".

Становішча вымушае сірыйскіх грамадзян уцякаць ад вайны і ў іншыя краіны. Паводле некаторых звестак, амаль палова ўсіх нелегальных мігрантаў, што накіроўваюцца ў Еўропу, гэта сірыйцы. Дзякуючы сустрэчам у Жэневе з'яўляецца надзея, што на іх зямлю прыйдзе неабходны і доўгачаканы мір. Але не так хутка. Згодна з прагнозамі, перамовы па мірным урэгуляванні сітуацыі ў Сірыі могуць прадоўжыцца не менш за паўгода.