Улады Дэтройта правалілі перагаворы з крэдыторамі і просяць прызнаць сталіцу амерыканскага аўтапрама банкрутам. Горад завінаваціўся каля 20 мільярдаў долараў - гэта ў паўтара раза больш за знешні доўг Беларусі. Дэфолт Дэтройта можа адчувальна стукнуць па амерыканскай эканоміцы ў цэлым і стаць найбуйнейшым у гісторыі ЗША муніцыпальным банкруцтвам.
Расказвае Юрый Казлоў.
У першай палове 20 стагоддзя Дэтройт быў адным з галоўных цэнтраў машынабудавання ЗША. Ford, General Motors, Chrysler - тут былі засяроджаны найбуйнейшыя вытворчасці. Горад займаў першыя пазіцыі па колькасці асабістага аўтатранспарту на душу насельніцтва. Менавіта ў Дэтройце ўпершыню пачалі будаваць сеткі хуткасных магістраляў і вялізныя транспартныя развязкі. Стэрэатып грамадскі транспарт - для бедных таксама нарадзіўся тут.
Заняпад Дэтройта пачаўся яшчэ ў 50-ых гадах мінулага стагоддзя. Урад узяўся за рэалізацыю праграмы па засяленні цэнтра горада цемнаскурымі грамадзянамі з ускраін. Мультыкультуралізм тады быў не ў модзе, таму вялікая частка кваліфікаваных спецыялістаў пераехала ў ціхія прыгарады. Цана нерухомасці ў горадзе рэзка панізілася, рабочыя месцы скараціліся. Калі ў 1950 годзе тут жыло каля двух мільёнаў чалавек, то зараз насельніцтва Дэтройта - усяго 700 тысяч. Канчаткова сталіцу амерыканскага аўтапрама дабіў апошні фінансава-эканамічны крызіс.
Дэйв Бінг, мэр Дэтройта: Гэта цяжкі дзень для мяне і для нашых грамадзян. Калі чатыры гады таму я стаў мэрам, я гаварыў, што Дэтройт перажывае заняпад. Мы шмат працавалі, каб выправіць гэтую сітуацыю, але гэта было непасільнай задачай.
Знешні доўг Дэтройта неўзабаве можа дасягнуць 20 мільярдаў долараў - гэта больш, чым у многіх суверэнных дзяржаў. Дэфіцыт гарадскога бюджэту 380 мільёнаў. Месяц таму ўлады спынілі выплаты па даўгах. У адваротным выпадку мясцовыя жыхары засталіся б без пенсій і дапамог, а горад - без вады і транспарту. Дайшло да таго, што грошай у муніцыпалітэта не хапала нават на папраўку ліхтароў, што было толькі на руку многім гарадскім бандам.
Падчас перагавораў з крэдыторамі ўлады прапаноўвалі ім частковую кампенсацыю. 10 цэнтаў за кожны ўкладзены долар. Ад такога падарунка інвестары, зразумелая справа, адмовіліся. Працэдура банкруцтва стала для горада адзіным выхадам.
Улады сцвярджаюць, што пазбавіўшыся ад вялізнага доўгу, Дэтройт зможа адрадзіцца. Але скептыкі ўпэўненыя ў зваротным - дэфолт, на іх думку, толькі адтэрмінуе канец. У горадзе матораў папросту няма ўмоў для нармальнага вядзення бізнесу. Цэнтр Дэтройта ператварыўся ў гета, у якім квітнее злачыннасць і наркагандаль. А мясцовыя чыноўнікі неаднаразова былі фігурантамі гучных карупцыйных скандалаў.














