Галоўныя тэмы саміту ў Бруселі - міграцыйны крызіс, Brexit і сітуацыя ў Сірыі

15 декабря 2016

Лідары краін Еўрасаюза падводзяць вынікі года і спрабуюць выпрацаваць адзіную стратэгію на 2017. Галоўныя тэмы саміту ў Бруселі - міграцыйны крызіс, Brexit, сітуацыя ў Сірыі і пытанні бяспекі.

У гэтыя хвіліны  прэзідэнт Савета ЕС Дональд Туск дае выніковую прэс-канферэнцыю. Раней  палітык адзначыў, што асноўная мэта сустрэчы - узмацненне еўрапейскай бяспекі і паляпшэнне абароны грамадзян Еўропы. Аб канкрэтных выніках саміту  пакуль не паведамляецца. Еўрапейскія СМІ  ўжо назвалі брусельскую сустрэчу  рухам па "мінным полі". Шматлікія пытанні з'яўляюцца вострымі як для асобных краін, так і для ўсяго Саюза. Найбольш жорсткія дэбаты  разгарнуліся наконт ратыфікацыі пагаднення аб асацыяцыі Украіны і ЕС. Нідэрланды настойваюць, каб з дакумента  ўбралі радок аб перспектыве членства гэтай краіны ў Еўрасаюзе. У Амстэрдаме асцерагаюцца вялікай колькасці працоўных мігрантаў з Украіны. Таксама  кіраўнік місіі МВФ у Кіеве  раней заявіў, што ўкраінскай эканоміцы спатрэбіцца 25 гадоў, каб выйсці на ўзровень развіцця сярэдняй еўрапейскай дзяржавы. Тым не менш  Польшча, Чэхія і краіны Балтыі  жорстка раскрытыкавалі галандскі дэмарш. Разгляд яшчэ аднаго важнага для Украіны пытання - аб адмене візавага рэжыму - перанесены на красавік.