Галоўныя старонкі біяграфіі новага прэзідэнта ЗША

9 ноября 2016

Такім чынам, новым гаспадаром Белага дома абраны Дональд Трамп - бізнесмен, медыямагнат, мільярдэр і рэспубліканец. Зараз спынімся на галоўных старонках біяграфіі новага прэзідэнта ЗША.

Дональд Джэй (скарочана ад Джона) Трамп нарадзіўся ў нью-ёркскім раёне Квінс у чэрвені 1946 года ў нямецка-шатландскай сям'і. Зрэшты, грамадзянінам ЗША ад нараджэння быў толькі бацька палітыка. Трамп скончыў Нью-Ёркскую ваенную акадэмію ў чыне батальённага старшыны, а пазней Уортанскую школу бізнесу пры ўніверсітэце Пенсільваніі, якая лічыцца адной з лепшых профільных устаноў у свеце. Ужо ў гады навучання ў каледжы ён набыў вядомасць як паспяховы гулец на рынку арэнды жылля. Пазней у сферу яго інтарэсаў увайшлі будаўніцтва (у тым ліку небаскробаў), забавы, медыя і фінансы. Быў тройчы жанаты, прычым першая і цяперашняя жонкі мультымільярдэра - ураджэнкі сацыялістычных краін. А зяць Джарэд Кушнер - унук жыхароў Навагрудчыны. У Трампа пяцёра дзяцей ад розных шлюбаў, але ўсе яны падтрымлівалі палітычныя імкненні бацькі. На працягу жыцця Трамп быў актыўным членам шэрагу партый. У прыватнасці, за апошнія 15 гадоў уваходзіў у склад Партыі рэформ, быў дэмакратам, беспартыйным, а затым рэспубліканцам. Ад гэтай партыі і вылучыўся для ўдзелу ў кампаніі-2016, дзе нечакана для ўсіх не толькі выйграў унутраныя выбары - праймерыз, але і выніковае галасаванне. Як адзначаюць многія, перамагчы Трампу дапамагло ўменне працаваць з публікай, якое ён набыў падчас удзелу ў сваім рэаліці-шоу, у тэлеэфірах і ў кіно. Пры гэтым публічнасць і эпатажнасць Трампа не раз дастаўлялі яму і непрыемнасці. Аднак галоўная асаблівасць палітыка - ва ўменні выходзіць са складаных сітуацый, шукаць перспектывы, а калі трэба - і ўменне дамаўляцца. Вядомы антыімігранцкай, антымусульманскай, антыфемінісцкай і радыкальна-кансерватыўнай рыторыкай, Трамп, аўтар бестселера "Мастацтва заключаць здзелкі” і яшчэ каля 20-ці кніг, здольны адрозніваць выгадныя прапановы і перастройвацца. Раней гэта прынесла яго бізнесу да 9 мільярдаў долараў, а зараз, магчыма, дасць новы стымул і ўсёй амерыканскай дыпламатыі. "Мы перастанем спрабаваць будаваць дэмакратыю за мяжой, звяргаць рэжымы і бяздумна ўрывацца на чужую тэрыторыю", - заявіў новаабраны 45-ы прэзідэнт некалькі дзён таму. У той жа час нельга забываць, што выгада ўдзельнікаў якіх бы там ні было здзелак з Дональдам Трампам зусім не гарантаваная.