Галоўныя міжнародныя навіны прыходзяць з Егіпта

1 июля 2013
Там ужо тыдзень не сціхаюць дэманстрацыі супраць прэзідэнта -ісламіста Мухамеда Мурсі. Апазіцыя дала яму два ўльтыматыўныя дні, каб скласці паўнамоцтвы. Сёння раніцай дэманстранты ўчынілі пагром у офісе Братоў-мусульман у Каіры. Удзельнікі акцыі пратэсту ўварваліся ў штаб-кватэру кіруючага ў Егіпце руху, павыбівалі шыбы ў будынку, выкінулі з вокнаў частку мэблі і ўчынілі падпал. Напярэдадні на вуліцы гарадоў выйшлі мільёны жыхароў краіны. Падчас сутыкненняў паміж прыхільнікамі і праціўнікамі кіраўніка дзяржавы атрымалі раненні больш за 600 чалавек. 14 чалавек загінулі. Асноўная прычына выступленняў звязаная з эканомікай. Прэзідэнт-ісламіст не выканаў абяцанняў. Краіна ў крызісе. Паводле некаторых звестак, Мухамед Мурсі разам з сям'ёй эвакуіраваны ў бяспечнае месца.