Кіраўнік каталонскага ўрада заклікаў адкласці працэдуру аб'явы незалежнасці на некалькі тыдняў

10 октября 2017

Кіраўнік каталонскага ўрада назваў Каталонію суверэннай краінай, але заклікаў парламентарыяў адкласці працэдуру аб'явы незалежнасці на некалькі тыдняў.

Такім чынам Карлес Пучдэмон мае намер пакінуць магчымасць для дыялогу з афіцыйным Мадрыдам. У сваім выступленні палітык раскрытыкаваў паліцыю каралеўства за непрапарцыйнае прымяненне сілы 1 кастрычніка пры спробе спыніць волевыяўленне, якое, нагадаем, было прызнана ўладамі Іспаніі пазапраўным. Таксама Пучдэмон падкрэсліў, што ён па-ранейшаму мае намер прытрымлівацца вынікаў рэферэндуму аб незалежнасці і заклікаў цэнтральны ўрад устрымацца ад гвалту.

Карлес Пучдэмон, старшыня ўрада Каталоніі: "Я звяртаюся да ўрада Іспаніі з просьбай спыніць рэпрэсіі і да кіраўніцтва Еўрасаюза з просьбай прызнаць наш суверэнітэт. Я ўпэўнены, калі ўсе будуць паважаць наш выбар, то сітуацыя вырашыцца мірна і ў найбліжэйшыя дні".

Зараз у будынку каталонскага ўрада ідуць дэбаты аб неабходнасці аб'явы суверэнітэту. Да будынка жэнералітата сцягнутыя вялікія сілы паліцыі і падраздзяленні сапёраў. Таксама ў цэнтры Барселоны сабраліся тысячы людзей з флагамі аўтаномнай супольнасці. Пакуль дэманстранты паводзяць сябе мірна. Паліцыя не ўмешваецца. Раней іспанскія ўлады абяцалі арыштаваць Пучдэмона і яго саратнікаў у выпадку абвяшчэння суверэнітэту рэгіёна.