Георгій Маргвелашвілі - новы прэзідэнт Грузіі

28 октября 2013

З вялікім адрывам на прэзідэнцкіх выбарах у Грузіі лідзіруе кандыдат ад кіруючай кааліцыі Георгій Маргвелашвілі. Паводле даных ЦВК, пасля апрацоўкі звестак з 70 працэнтаў участкаў стаўленік прэм'ера набірае больш чым 62 працэнты галасоў. На другім месцы кандыдат партыі Адзіны нацыянальны рух Давід Бакрадзэ. Яго падтрымаў 21 працэнт выбаршчыкаў. Бакрадзэ ўжо прызнаў паражэнне і павіншаваў Маргвелашвілі з перамогай.


Расказвае Андрэй Нікалаенка. На вуліцах Тбілісі ўсю мінулую ноч святкавалі перамогу Георгія Маргвелашвілі на прэзідэнцкіх выбарах. Пра тое, што менавіта ён стане наступным кіраўніком дзяржавы, гаварылі звесткі так званых эксіт-полаў. Пазней іх пацвердзілі афіцыйна і ў ЦВК краіны. Адразу ж пасля гэтага плошча перад штаб-кватэрай кааліцыі Грузінская мара, куды прыйшлі тысячы яе прыхільнікаў, патанула ў авацыях.


Найбліжэйшы праследавацель былога міністра адукацыі Грузіі Маргвелашвілі, кандыдат ад партыі дзеючага кіраўніка дзяржавы Давід Бакрадзэ, набраў амаль 22 працэнты галасоў выбаршчыкаў. Трэцяе месца за экс-спікерам парламента Ніно Бурджанадзэ - усяго каля 10 працэнтаў. Сама кандыдат і яе прыхільнікі заяўляюць, што не вераць у вынікі галасавання і гавораць аб шматлікіх парушэннях, а таксама пачатку паралельнага падліку галасоў.


Так ці інакш, большасць экспертаў упэўненыя: выбары прэзідэнта Грузіі адбыліся і новым кіраўніком дзяржавы абраны Георгій Маргвелашвілі. Міхаіл Саакашвілі, які пакідае пасаду прэзідэнта, заклікаў усіх кандыдатаў паважаць выбар насельніцтва краіны.


Афіцыйныя вынікі выбараў ЦВК Грузіі апублікуе на працягу 20 дзён. Пасля гэтага сваю пасаду павінен будзе пакінуць дзеючы кіраўнік дзяржавы Міхаіл Саакашвілі, які прыйшоў да ўлады на хвалі так званай Рэвалюцыі ружаў і кіраваў краінай апошнія дзесяць гадоў. Пасля гэтых выбараў у Грузіі ўступае ў дзеянне новая рэдакцыя Канстытуцыі, згодна з якой краіна фактычна становіцца парламенцкай рэспублікай. А гэта значыць, што ўся ўлада ў Грузіі зараз пяройдзе да прэм'ер-міністра.