Газпрам спыніў падачу газу ва Украіну

16 июня 2014
Пастаўкі блакітнага паліва зніжаныя да нуля, застаецца толькі аб'ём транзіту газу, які ідзе ў еўрапейскія краіны. Прычынай гэтага стала нявыплата доўгу памерам амаль 2 мільярды долараў прадпрыемствам Нафтагаз Украіна. Як і абяцаў расійскі манапаліст, з сённяшняга дня газ ва Украіну будзе пастаўляцца толькі па перадаплаце. Нагадаем, у выхадныя ў Кіеве адбыліся трохбаковыя перамовы з удзелам прадстаўнікоў Расіі, ЕС і Украіны, на якіх прадстаўнікі Газпрама адхілілі план еўракамісара Гюнтэра Этынгера і заявілі, што расійская кампанія чакае аплаты даўгоў да 10 гадзін раніцы 16 чэрвеня. Сёння ж Газпрам звярнуўся ў Стакгольмскі міжнародны арбітраж з іскам да Нафтагаза Украіны аб спагнанні запазычанасці за пастаўленае паліва. Эксперты папярэджваюць, што спыненне падачы расійскага газу ва Украіну можа паўплываць на краіны Еўрасаюза. Доля расійскага паліва ў Еўропе, што пастаўляецца транзітам праз Украіну, складае каля 15 працэнтаў. Кіраўнік Нафтагаза таксама пацвердзіў гатоўнасць кампаніі пачаць разгляд у Стакгольмскім арбітражы.