Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі плануе стаць заказчыкам будаўніцтва мемарыяла ў Курапатах

11 июня 2018

За атрыманнем адпаведнага дазволу арганізацыя ў найбліжэйшы час звернецца да ўлад сталічнага рэгіёна.

Таксама сёння стала вядома, што на ўзвядзенне памятнага комплексу ўжо сабрана больш за 11 тысяч рублёў. Дабрачынны рахунак быў адкрыты на базе Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў пры Мінкульце. Журы ўжо выбрала тры эскізныя праекты памятнага знака. Усяго для ўдзелу ў конкурсе былі пададзены 32 канцэпцыі.

Федэрацыя прафсаюзаў - самае масавае аб'яднанне краіны, якое налічвае каля 4 мільёнаў удзельнікаў. З моманту свайго заснавання займаецца аднаўленнем воінскіх мемарыялаў і помнікаў ваенных гадоў.

У прыватнасці, арганізацыя прымала ўдзел у маштабных работах па аднаўленні Кургана Славы.

Таксама ў Брэсце пры ўдзеле федэрацыі быў адкрыты абноўлены помнік вязням Рэвіра. Гэта канцэнтрацыйны лагер часоў Вялікай Айчыннай, дзе было закатавана каля 15 тысяч савецкіх воінаў.

Яшчэ адзін праект - мемарыяльны комплекс "Шаўлічы". Ён пабудаваны на месцы вёскі, якая 75 гадоў таму паўтарыла лёс Хатыні. Па ініцыятыве прафсаюзаў былі ўстаноўлены імёны ўсіх загінуўшых жыхароў, зараз на месцы кожнага згарэлага дома пабудаваны сімвалічныя сцены з імяннымі таблічкамі.

Нагадаем, старт маштабнай грамадскай дыскусіі аб узвядзенні мемарыяла памяці і смутку ў Курапатах быў дадзены ў пачатку мінулага года. Экспертная супольнасць за круглым сталом сышлася ў меркаванні аб неабходнасці стварэння нацыянальнага мемарыяла.