Facebook абвінавацілі ў распальванні нянавісці ў грамадстве

6 октября 2021

Facebook - у цэнтры чарговага скандалу. Спачатку ў працы папулярнай сацсеткі, а таксама сэрвісаў Instagram і Whatsapp адбыўся шматгадзінны глабальны збой. А затым у адрас IT-гіганта загучалі абвінавачанні ў дзеяннях, якія выклікаюць раскол у грамадстве.

Аб гэтым заявіла былая супрацоўніца кампаніі на спецыяльных слуханнях у Кангрэсе ЗША. Фрэнсіс Хаўген паведаміла, што ў пагоні за прыбыткам праграмісты настройваюць алгарытмы так, што карыстальнікі бачаць у стужцы першым чынам паведамленні, якія выклікаюць нянавісць, паколькі сваркі павышаюць цікавасць да сацсеткі.

Facebook раскрытыкавалі і некаторыя кангрэсмены - яго ўздзеянне на дзяцей параўноўваюць з дзеяннем цыгарэт. Таксама выданне Wall Street Journal сцвярджае - Марк Цукерберг ведаў, што платформа Instagram, якая належыць Facebook, выклікае ў падлеткаў дэпрэсію і думкі аб суіцыдзе, аднак публічна ўпэўніваў усіх у зваротным і нават хацеў запусціць аналаг Instagram для дзяцей да 12 гадоў. Пасля таго, як выданне апублікавала адпаведныя дакументы, праект спынілі.