Еўропа пад уладай непагадзі

11 августа 2017

На паўночны ўсход Італіі абрынуліся навальніцы з ураганнымі вятрамі. Стыхія парушыла транспартныя зносіны. Парывы ветру валілі дрэвы, перакульвалі аўтамабілі, зрывалі дахі з пабудоў і абрывалі лініі электраперадачы. Вялізны ўрон нанесены пляжам і кемпінгам. Дзясяткі чалавек былі вымушаны звярнуцца ў бальніцы па медыцынскую дапамогу.

Пад уладай магутнага шторму апынулася і сталіца Славакіі. Стыхія прынесла ў Браціславу дажджы і шквалісты вецер. Непагадзь прычыніла значны ўрон гораду: паваленыя дрэвы, абарваныя лініі электраперадачы, пашкоджаныя жылыя пабудовы.

Ураганны вецер і град з дажджом гэтай ноччу абрынуўся і на Аўстрыю. Пацярпелі некалькі чалавек, павалены цэлыя ўчасткі лесу. Вецер парывамі да 130 кіламетраў за гадзіну зрываў дахі з дамоў, зносіў прыпаркаваныя аўтамабілі. З-за дажджу з берагоў выйшлі рэкі. Затапленні прывялі да апоўзняў. Шматлікія раёны дагэтуль застаюцца без электрычнасці. Аўтамабільны рух па некалькіх цэнтральных трасах краіны закрыты да суботы.