Італьянскі прэм'ер Марыё Драгі сёння заявіў, што пастаўкі газу ў яго краіну, як ён выказаўся, "па-за небяспекай", нягледзячы на патрабаванне Расіі аплачваць гэтыя пастаўкі ў рублях. Раней у Рыме заяўлялі, што змена спосабу аплаты цалкам немагчыма. Цяперашняе "па-за небяспекай" можа азначаць, што бакі знайшлі ўзаемапрымальны спосаб урэгулявання праблемы: Драгі трымае рэгулярную тэлефонную сувязь з Масквой. Як і канцлер Германіі. Падчас учарашняй гутаркі з Уладзімірам Пуціным, наколькі можна меркаваць, Олаф Шольц узгадніў аплату паставак у фармаце, які задавальняе і Маскву, і Берлін.
Патрабаванне да Еўропы разлічвацца за газ рублямі ўступае ў сілу будучай ноччу, праўда, Расія прызнае, што рэалізацыя гэтага працэсу зойме нейкі час. Тым не менш, сёння Уладзімір Пуцін яшчэ раз папярэдзіў: калі з 1 красавіка патрабаванне плаціць у рублях выканана не будзе, кантракты з недружалюбнымі краінамі будуць спынены.













