Снегапады ў Еўропе. У Аўстрыі 8 загінуўшых

8 января 2019

Германія, Аўстрыя, Італія патанаюць гэтымі днямі ў снезе. Сарваныя лініі электраперадачы, адмененыя авіярэйсы і закрытыя школы. Але гэта яшчэ не ўсё. Ахвярамі магутных снегападаў сталі дзясяткі чалавек, у адной толькі Аўстрыі 8 загінуўшых. З падрабязнасцямі Ксенія Пякарская.

Найбольш цяжкая сітуацыя зараз у Германіі і Аўстрыі - на тэрыторыі Паўночных і Усходніх Альпаў. Усяго за некалькі дзён там выпала больш чым 2 метры снегу, што для і без таго заснежанай тэрыторыі катастрофа. У горных раёнах аб'яўлена чацвёртая ступень небяспекі.

Гэта ў сваю чаргу сапраўдная трагедыя для аматараў гарналыжнага спорту, бо сезон зараз у самым разгары. Адзін з самых вядомых аўстрыйскіх курортаў Хохкар ужо прыйшлося закрыць, а ўсіх гасцей эвакуіраваць. Гэта адбылося ўпершыню за больш чым 50-гадовую гісторыю папулярнага месца адпачынку.

У Германіі няпростая сітуацыя не толькі на курортах, але і ў звычайных гарадах. Некалькі раёнаў на поўдні краіны аб'яўлены зонамі стыхійнага бедства. Парушаны авія- і чыгуначныя зносіны. Закрыты многія магазіны і школы. Па вуліцах немагчыма перамяшчацца, бо камунальшчыкі не паспяваюць спраўляцца з расчысткай дарог.

 

Неверагодна, але ападкі нават на поўдні Італіі - там, дзе іх менш за ўсё чакалі. Беласнежным дываном пакрылася гара Везувій ля Неапаля - з'ява выключна рэдкая.

Нечаканым стаў снег і для грэкаў. Гэтай ноччу непагадзь дабралася да Афін. Сёння тут закрыты дзясяткі школ - яны проста не прыстасаваныя для працы пры мінусавых тэмпературах. Паліцыя заклікае аўтаўладальнікаў не выязджаць на трасы без ланцугоў супрацьслізгання. Закрыты рух на некаторых магістралях.

Снегаўборачныя машыны працягваюць чысціць дарогі ад снегу. Сітуацыя, вядома, цяжкая, затое дзеці радуюцца.

У шоку ад сюрпрызаў надвор'я і жыхары краін, дзе пра снегапады наогул ведаюць толькі па чутках. У Ізраілі і Ліване перакрываюць дарогі, а Турцыя з-за снегу і нізкай бачнасці нават закрыла праліў Басфор.