Еўракамісія можа ўвесці супраць Польшчы санкцыі за "недэмакратычнасць", піша Financial Times. Абмежаванні могуць выяўляцца ў выглядзе пазбаўлення Варшавы права голасу ў савеце ЕС альбо буйнога штрафу.
Супрацьстаянне паміж уладамі Польшчы і Еўрапейскай камісіяй пачалося ў канцы мінулага года. Новы ўрад краіны правёў шэраг рэформ, якія, сярод іншага, змянілі паўнамоцтвы Канстытуцыйнага суда і дазволілі паліцыі ў спрошчаным парадку атрымліваць доступ да звестак інтэрнэт-карыстальнікаў. У маі Еўракамісія выпусціла фармальнае папярэджанне, адрасаванае кіраўніцтву Польшчы, а напярэдадні адправіла ўжо афіцыйны ліст з крытыкай сітуацыі па вяршэнстве закона ў краіне. У Варшаве змяненні заканадаўства назвалі ўнутранай справай суверэннай дзяржавы.
"Камісія можа нам раіць, але не з'яўляецца нашым судом... Чыноўнікі, абраныя шляхам палітычных пагадненняў паміж краінамі, не маюць права прымаць рашэнні аб сітуацыі ў дзяржавах-членах Еўрасаюза", - заявіў Вітальд Вашчыкоўскі, міністр замежных спраў Польшчы.
У Бруселі гавораць, што ў Варшавы ёсць два тыдні, каб адказаць на ліст Еўракамісіі. Таксама ў ЕС распрацоўваюць рэкамендацыі польскім уладам. Калі яны не будуць рэалізаваны, Брусель запусціць працэдуру ўвядзення санкцый.













