Эмануэль Макрон выканаў сёння сваё галоўнае перадвыбарнае абяцанне

22 сентября 2017

Французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон выканаў сёння сваё галоўнае перадвыбарнае абяцанне, падпісаўшы ў прамым эфіры пяць асноватворных урадавых актаў, закліканых рэфармаваць Працоўны кодэкс рэспублікі. Прыхільнікі рэформы ўпэўненыя, што ў выніку грамадства атрымае эфектыўны інструмент для барацьбы з масавым беспрацоўем. У Францыі, дарэчы, без працы больш чым 6 мільёнаў чалавек. Але крытыкі гавораць, што галоўная мэта ўрадавых мер - зніжэнне выдаткаў кампаній на зарплату. Рух "Непадпарадкаваная Францыя", які ўзначальвае адзін з сапернікаў Макрона на прэзідэнцкіх выбарах Жан-Люк Меланшон, заўтра правядзе новую акцыю пратэсту супраць змяненняў у заканадаўстве. Напярэдадні дзясяткі тысяч нездаволеных працоўнай рэформай выйшлі на вуліцы французскіх гарадоў. У Парыжы ўдзельнікі акцыі кідалі ў вартавых парадку камяні, у адказ тыя пусцілі ў ход дубінкі і слёзатачывы газ.