З перамогай маладога цэнтрыста павіншаваў Аляксандр Лукашэнка.
Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Францыі. Эмануэль Макрон - 11-ы кіраўнік Пятай рэспублікі. З перамогай яго павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разлічвае на падтрымку ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Францыяй дзеля росквіту і дабрабыту народаў дзвюх краін.
МУС Францыі апублікаваў канчатковыя вынікі выбараў. За Эмануэля Макрона свае галасы аддалі крыху больш за 66 % выбаршчыкаў. Падрабязна Анатоль Ліпецкі.
Эмануэль Макрон, абраны Прэзідэнт Францыі:
"Дзякуй, сябры. Дзякуй за тое, што прыйшлі на ўчасткі. Дзякуй, што былі побач усе гэтыя месяцы, паколькі сёння вы перамаглі, сёння перамагла Францыя!".
Расказвае Анатоль Ліпецкі.
Хоць і пачыналася ўсё скандальна і непрадказальна, да фіналу гэтыя выбары ўжо былі пазбаўлены сюрпрызаў і інтрыгі. Гонку ў статусе пераможца завяршае Эмануэль Макрон. А тое, што так будзе, паказалі разгромныя дэбаты ў мінулую сераду. Заставалася толькі дачакацца выніку ў лічбах.
Макрон скончыў прэстыжны парыжскі Інстытут палітычных даследаванняў, Нацыянальную школу адміністрацыі. Стаў магістрам філасофіі, заняўся бізнесам, працаваў саветнікам прэзідэнта Аланда. У 36 гадоў ужо быў міністрам эканомікі, прамысловасці і лічбавых тэхналогій. Пасля зразумеў, што за сацыялістамі цягнецца шлейф няўдач, стварыў рух і за год перацягнуў на свой бок грамадскую думку.
Зразумела, не ўсіх, але так або інакш кіраўніку "Нацфронта" Марын Ле Пен давялося прызнаць паражэнне. Ці перажывала? Не факт. Нават станцавала.
Заснавальнік і былы лідар "Нацыянальнага фронту" Жан-Мары Ле Пен заявіў, што яго дачка прайграла з-за катэгарычнай пазіцыі па еўра і адносінах з Еўрасаюзам. Зрэшты, як раз адсутнасць катэгарычных пазіцый, гавораць аглядальнікі вядучых французскіх газет, можа сыграць з Макроном злы жарт.
Стэфан Альбуі, галоўны рэдактар газеты Le Parisien:
"20 мільёнаў за Макрона, 11 - за Марын Ле Пен. Для "Нацыянальнага фронту" - гэта рэальнае дасягненне, такой падтрымкі яшчэ не было. І што важна ўлічыць: 12 мільёнаў чалавек не пайшлі галасаваць плюс 4 мільёны чыстых бюлетэняў. Выснова: 27 мільёнаў французаў настроены супраць месье Макрона або не бачаць выбару зусім. З такім вынікам яму будзе вельмі складана аб'яднаць вакол сябе большасць".
Аглядальнікі Le Parisien прыйшлі да высновы, што касцяк электарата Макрона - гарадскія маладыя людзі з даходам вышэйшым за сярэдні. Але гэта не 100 % яго людзі, проста трэба было рабіць выбар, яны хацелі яго зрабіць. 11-ы прэзідэнт Францыі, гаворыць вопытны журналіст Альбуі, яшчэ здзівіць.
Стэфан Альбуі, галоўны рэдактар газеты Le Parisien:
"Дзве рэчы азначаюць абнаўленне: новыя людзі ў палітыцы і людзі маладыя. Макрон у прынцыпе гэтай формуле адпавядае. Менш за 40 і прэзідэнт. У Францыі мы такога яшчэ не бачылі. А яшчэ ён убаку ад партый, ён наогул раней нідзе і нікуды не выбіраўся. Вось тыя, хто галасаваў, і пацягнуліся".
Тыя, хто галасаваў за Макрона, гавораць аб натхненні і ў той жа час трывозе.
Клеман Марыс, жыхар г. Парыжа:
"Гэта малады прэзідэнт, гэта дзіўна для нас. Гэтае ўзрушэнне, але ў добрым сэнсе. Яшчэ зусім нядаўна ён быў мала каму вядомы, але зараз выклікае надзею і ўпэўненасць".
Эцьен Дутрэло, жыхар г. Парыжа:
"Паспяховае шоу. Перамога вялікіх грошай. Мы аказаліся ў сітуацыі, калі грамадству пагражае вельмі глыбокі раскол. Далей убачым людзей, якія бяднеюць. Выклікі найбліжэйшага часу відавочныя, да парламенцкіх выбараў неабходна ўзмацняць левы фланг.
Я, безумоўна, не на баку Ле Пен. Але і яе зараз ужо былы сапернік прапануе невядома што. Гэтае галасаванне па прынцыпе "супраць Ле Пен" - ашуканства. Мы сталі заложнікамі".
Частка тых, хто лічаць сябе заложнікамі, не збіраліся чакаць вынікаў галасавання. Пратэсты ўспыхнулі ноччу, тысячы супраць Ле Пен, тысячы супраць Макрона, шматлікія супраць абаіх. Без сутычак і арыштаў не абышлося.













