Экстранныя службы ліквідуюць рэшткавыя ўзгаранні ў саборы Парыжскай Божай Маці

16 апреля 2019

У Францыі экстранныя службы ліквідуюць рэшткавыя ўзгаранні ў саборы Парыжскай Божай Маці. Асноўную структуру Нотр-Дама ўдалося выратаваць, аднак сітуацыя застаецца складанай. Выгарэлі 2/3 плошчы даху, абрынуўся шпіль і частка нэфа. Сімвал Парыжа і адзін самых вядомых помнікаў у Еўропе загарэўся напярэдадні вечарам. Агонь тушылі 9 гадзін. Лёгкую траўму атрымаў адзін з 400 пажарных, пацярпелі і двое паліцэйскіх. Катастрофу трансліравалі ў прамым эфіры па ўсім свеце. Парыжане збіраліся ў групы і спявалі малітвы.

Ужо вядома, што апорныя канструкцыі не пацярпелі. Агонь не закрануў рэліквіі. Уцалелі вялікія для ўсіх хрысціян святыні - фрагмент цярновага вянка Ісуса Хрыста, частка крыжа Збавіцеля, туніка святога Людовіка і некалькі карцін. Яны знаходзіліся ў рызніцы. Таксама захаваліся 12 статуй апосталаў і 4 евангелістаў, бо на час рэстаўрацыі іх знялі з даху будынка. Уцалелі і абедзве званіцы. Паводле папярэдніх звестак, узгаранне адбылося з-за зварачных работ на будаўнічых рыштаваннях. Следчыя ўжо дапыталі рабочых.

Дапамагчы паабяцалі і ў ЮНЕСКА, а таксама ў Еўракамісіі. На дзвюх краўдфандынгавых платформах ужо ўдалося сабраць 24 тысячы еўра. 100 тысяч на аднаўленне дасць сям'я французскіх мільярдэраў Піно. Эксперты гавораць, што на рэканструкцыю пойдзе не менш за 10 гадоў.