Эксперты: Самаізаляцыя, якая зацягнулася, можа нанесці значна большую шкоду, чым сам вірус

16 апреля 2020
Працяглае спыненне жыцця ўсяго грамадства прывядзе да моцнага спаду ў эканоміцы і масавага беспрацоўя, а значыць, пагаршэння здароўя людзей - асцерагаюцца медыкі. Самаізаляцыя, якая зацягнулася, на думку вядучага эпідэміёлага Германіі Аляксандра Кекуле, можа нанесці значна большую шкоду, чым сам вірус. Таксама ён заклікае не чакаць вакцыну, стварэнне якой можа зацягнуцца на цэлы год. 

Аляксандр Кекуле, эпідэміёлаг (Германія): "Мы не можам заставацца пад замком ад шасці месяцаў да года. Калі мы зробім гэта, наша грамадства і наша культура будуць разбураныя. Тыя, хто маладзейшыя за 50 гадоў, наўрад ці  памруць або сур'ёзна захварэюць ад каранавіруса. Мы павінны дазволіць ім заразіцца, каб яны маглі выпрацаваць імунітэт".

Размова ідзе пра так званы калектыўны імунітэт. 

Большасць спецыялістаў сыходзіцца на думцы, што чым раней людзі, якія не ўваходзяць у групы рызыкі, вернуцца да нармальнага жыцця і пачнуць працаваць, ратуючы прадпрыемствы ад банкруцтва, а грамадства  ад масавага беспрацоўя, тым лепш. У гэтым перакананы шведскі прафесар Ёні Людвігсан. 

Ёні Людвігсан, галоўны ўрач і прафесар кафедры біямедыцынскіх і клінічных даследаванняў у Лінчопінгскім універсітэце (Швецыя): "Чым больш павольна распаўсюджваецца вірус, тым больш часу зойме фарміраванне калектыўнага імунітэту. Ёсць рызыка новых хваль эпідэміі. Калі гэта адбудзецца пасля зняцця абмежаванняў (невядома, як доўга можна ізаляваць усё насельніцтва краіны, забараняючы яму пакідаць дамы), можа здарыцца новая вялізная ўспышка. І зноў будзе шмат смерцяў,  узнікне вострая патрэбнасць у ложках у рэанімацыі".