Экспертная супольнасць з новай сілай загаварыла пра сусветныя рэйтынгі

11 августа 2013

На гэтым тыдні экспертная супольнасць з новай сілай загаварыла пра сусветныя рэйтынгі. Маўляў, чаму ў жыцці адно, а на паперы другое? І вось тут усё значна больш тонка, чым глабальная цікавасць спецслужбаў. Аказваецца, рэйтынгі - гэта толькі з аднаго боку наглядна і праўдападобна, а з другога….


Вось прыклад. Стары Свет захліснула хваля гучных карупцыйных скандалаў. Услед за Іспаніяй грымнуў гром у Чэхіі. Быў нават вынесены вотум недаверу ўраду, ідзе размова пра датэрміновыя выбары. І вось парадокс. Згодна з рэйтынгамі, Чэхія ледзь ці не самая чыстая ад карупцыі краіна, але на практыцы аказалася, што хабары там бяруць ад дробнага клерка да памочніка прэм'ер-міністра. І пры гэтым у Чэхіі 54-е месца ў апошняй справаздачы Transparency International, якая ахапіла 176 краін.

Ідзём далей - Францыя. Высокая 22-я пазіцыя ў карупцыйным рэйтынгу, хоць дагэтуль не сціхаюць гутаркі аб перадвыбарных даходах Сарказі, у тым ліку міжнароднага маштабу, калі той запазычаў мільёны ў Кадафі. Іспанія - 30-е месца, нягледзячы на абвінавачанні ў карупцыі ўрада.

Такія прыклады з Еўропы можна прыводзіць да бясконцасці. Але Чэхію, Францыю, Іспанію чамусьці ставяць высока, а вось для параўнання месцы для краін СНД пачынаюцца толькі ніжэй за сотую адзнаку. Сэнс зразумелы: інвестар глядзіць спіс, выбірае верхнія радкі і нясе грошы куды трэба. Такім чынам, не толькі адбіваюць інвестыцыі ў канкурэнтаў, але і ашукваюць бізнес.

Тады як жа лічацца гэтыя рэйтынгі? Гэтым пытаннем ужо задаваліся, напрыклад, у Італіі. Мясцовыя пракуроры на тыдні запатрабавалі аддаць пад суд кіраўнікоў рэйтынгавых агенцтваў Standard & Poor's і Fitch за маніпуляцыі з эканамічнай сітуацыяй. Яшчэ раней аўстралійскі суд прызнаў Standard & Poor's вінаватым у падмане інвестараў шляхам неабгрунтаванага завышэння кошту каштоўных папер. І чым, уласна, лепш Transparency International, якая выстаўляе завышаныя адзнакі краінам, якія ўвязлі ў карупцыйных скандалах, і, наадварот, прыніжае адзнакі іх канкурэнтаў? Так што многія гэтымі днямі зірнулі на рэйтынгі, як на пральні, дзе адбельваюць нават сумніўную рэпутацыю.