Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп раскрытыкаваў міграцыйную палітыку Еўрасаюза і заявіў, што Злучаныя Штаты не будуць "лагерам мігрантаў". Амерыканскі лідар заклікаў памяняць міграцыйнае заканадаўства і абвінаваціў дэмакратаў у праблемах, звязаных з міграцыяй у ЗША.
Дональд Трамп, прэзідэнт ЗША: "Злучаныя Штаты не стануць лагерам для мігрантаў, не стануць цэнтрам для ўтрымання бежанцаў, не будзе такога! Паглядзіце, што адбываецца ў Еўропе! Паглядзіце, што адбываецца ў іншых месцах. Мы не можам дапусціць, каб гэта адбывалася ў ЗША, не, пад маім кіраўніцтвам гэтаму не бываць".
Сітуацыя з мігрантамі ў Еўропе абвастраецца з кожным днём. Сёння пагранслужба Босніі і Герцагавіны затрымала 200 нелегалаў, якія спрабавалі патрапіць у Еўрасаюз. Ад вялізнага наплыву бежанцаў улады краіны закрылі мяжу з суседняй Харватыяй. Па так званым балканскім маршруце тысячы людзей спрабуюць патрапіць у Германію, дзе праз гэта пачаўся палітычны крызіс.
Нагадаем, кіраўнік Хрысціянска-сацыяльнага саюза міністр унутраных спраў краіны Хорст Зеехофер паставіў ультыматум Ангеле Меркель. За два тыдні яна павінна прапанаваць умовы дамоўленасці па мігрантах, якая датычылася б усяго Еўрасаюза, у адваротным выпадку МУС перастане пускаць мігрантаў у краіну.













