Дональд Трамп заклікаў адмяніць латарэю Green Card

1 ноября 2017

Штогод з яе дапамогай разыгрываецца каля 50 тысяч амерыканскіх віз. Такую заяву гаспадар Белага дома зрабіў на фоне тэракта ў Нью-Ёрку. Злачынца - выхадзец з Узбекістана Сайдула Саіпаў - трапіў у Злучаныя Штаты, выйграўшы візу. Прычым на момант нападзення яна была пратэрмінаваная. Ахвярамі Саіпава сталі 8 чалавек - грамадзяне Аргенціны. Больш за 10 пацярпелі. Як паведамляюць улады Нью-Ёрка, злачынца захапляўся ідэямі тэрарыстычнай групоўкі "Ісламская дзяржава". З асуджэннем тэракта выступіў МЗС Беларусі.

Расказвае Юрый Казлоў: 29-гадовы Сайдула Саіпаў эмігрыраваў з Узбекістана ў 2010 па Green Card. Часта змяняў месца жыхарства, працаваў таксістам. У машыне, якую Саіпаў арандаваў за гадзіну да трагедыі, паліцэйскія знайшлі запіску на арабскай. У ёй зламыснік распавядаў аб сімпатыях да тэрарыстычнай групоўкі "Ісламская дзяржава".

Атака адбылася на паўднёвым захадзе Манхэтэна за два крокі ад мемарыяла ахвярам тэрактаў 11 верасня. Саіпаў выехаў на веласіпедную дарожку і пачаў збіваць усіх на сваім шляху. Затым забойца ўрэзаўся ў школьны аўтобус і выйшаў з аўтамабіля са зброяй у руках. Пазней высветлілася, што вінтоўка і пісталет былі несапраўднымі.

Зараз злачынца знаходзіцца ў бальніцы - пры затрыманні яго ранілі ў жывот і ў нагу. Саіпава ўжо дапыталі супрацоўнікі ФБР. Як паведаміў губернатар штата Нью-Ёрк Эндру Куома, тэрарыст захапіўся радыкальным ісламам неўзабаве пасля пераезду ў ЗША.

Меры бяспекі на Манхэтэне ўзмоцненыя. Аднак прысвечаныя Хелаўіну парады ўлады адмяняць не сталі. Для Нью-Ёрка тэракт на Манхэтэне стаў першым буйным нападзеннем пасля трагедыі 11 верасня 2001, калі захопленыя экстрэмістамі самалёты ўрэзаліся ў вежы-блізняты Сусветнага гандлёвага цэнтра. З асуджэннем трагедыі выступілі сусветныя лідары. Папа Рымскі Францыск прысвяціў праблеме экстрэмізму пропаведзь, прымеркаваную да Дня ўсіх святых.

Паліцыя Нью-Ёрка апытвае знаёмых тэрарыста і дэталёва вывучае яго асяроддзе. Суседзі злачынца апісваюць яго як прыязнага і спакойнага чалавека. У былых работадаўцаў да Саіпава таксама не ўзнікала прэтэнзій.

Улады развітых краін ужо даўно спрабуюць вырашыць праблему аўтамабільнага тэрарызму, але эксперты прызнаюць, што абароны ад такога віду атак у прынцыпе не існуе. У Еўропе пасля такіх тэрактаў у Ніцы, Берліне, Лондане і Стакгольме на вуліцах буйных гарадоў пачалі ўстанаўліваць спецыяльныя бетонныя загароды, аднак засцерагчы такім чынам усе месцы масавага збору людзей немагчыма.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сваім Twitter, што пасля тэракта Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША пачне выкананне надзвычайнай праграмы праверкі імігрантаў, каб адсеяць патэнцыяльных радыкалаў яшчэ на стадыі атрымання імі амерыканскай візы. Як адзначыў гаспадар Белага дома, паліткарэктнасць у гэтым пытанні недарэчная.