Дональд Трамп: Аперацыя па вызваленні Масула праходзіць цяжка

14 ноября 2016

Аперацыя па вызваленні Масула праходзіць цяжка. І галоўная прычына - выдаванне інфармацыі пра наступ, якое загадзя зрабіў Белы дом. Такую крытычную заўвагу ў адрас дзеючай адміністрацыі зрабіў абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваім першым у гэтай якасці інтэрв'ю тэлеканалу CBS. Што датычыцца яго планаў наконт барацьбы з тэрарызмам, то паведамляць пра іх Трамп адмовіўся. Закранулі тэму пратэстаў у ЗША. На думку будучага кіраўніка Белага дома, у акцыях удзельнічаюць прафесійныя дэманстранты. Згодна з паведамленнямі мясцовых паліцэйскіх, дэманстранты паводзяць сябе вельмі агрэсіўна: кідаюць бутэлькі і петарды. Напярэдадні ў Портлендзе затрымалі больш як 70 чалавек.

Дональд Трамп, абраны прэзідэнт ЗША: "Яны выдаткавалі мільярд супраць мяне і майго "тэмпераменту". Яны выступаюць зараз на Мэдысан-авеню. Гэта не спрацавала, таму што мы тут, а яны не. Я думаю, што мая галоўная сіла - гэта мой характар. У мяне ёсць характар для таго, каб перамагаць. І мы будзем гэта рабіць. Мы збіраемся перамагчы ў гандлі, навесці парадак на межах, мы збіраемся выбіць "Ісламскую дзяржаву".

Дональд Трамп таксама заявіў пра гатовасць дэпартаваць з ЗША да трох мільёнаў нелегальных імігрантаў з крымінальным мінулым. Быў пацверджаны намер пабудаваць сцяну на мяжы з Мексікай і адмовіцца ад прэзідэнцкай зарплаты.