Сёння ў рэгіёне і Севастопалі аб'яўлены (хаця і неафіцыйна) дзень цішыні перад усенародным галасаваннем. Жыхарам трэба будзе вызначыць статус аўтаноміі і горада. Агітацыя напярэдадні дня плебісцыту і ў дзень волевыяўлення забараняецца. Гэта гаворыцца ў часовым палажэнні аб правядзенні рэферэндуму, якое прыняў Вярхоўны савет Крыма. Кіраўнікі рэспублікі чакаюць, што яўка перавысіць 80 працэнтаў выбаршчыкаў. Для працы на агульнакрымскім рэферэндуме зарэгістраваліся каля 70 міжнародных назіральнікаў з 23-х краін. Дыпламаты адзначаюць, што сітуацыя ў Крыме спакойная, чаго не скажаш пра заходнія рэгіёны Украіны.
У Харкаве мінулай ноччу адбылася бойка са стральбой. Падчас начных сутыкненняў загінулі два чалавекі. Яшчэ пяцёра, у тым ліку міліцыянер, атрымалі раненні. На гэты момант супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі каля 40 чалавек, якія маюць дачыненне да парушэння грамадскага парадку ў горадзе. Па факце перастрэлкі ў цэнтры Харкава ўзбуджана крымінальная справа.














