Дэмантаж паўночнакарэйскага ядзернага палігона Пхунгеры могуць ажыццявіць ужо ў чацвер

23 мая 2018

Такія звесткі ад прадстаўніка ўлад атрымалі паўднёвакарэйскія журналісты, якія знаходзяцца ў КНДР. Адначасова сюды прыбылі і прадстаўнікі СМІ з Вялікабрытаніі, ЗША, Расіі і Кітая. Дамоўленасць аб закрыцці ядзернага аб'екта і правядзенні адпаведнай публічнай цырымоніі была дасягнута на перамовах лідараў Карэй 27 красавіка. Плануецца цалкам знішчыць уваход на палігон, а таксама навакольныя аб'екты. З тэрыторыі будуць выведзены ўсе навуковыя працаўнікі і супрацоўнікі аховы. Выпрабавальная шахта палігона будзе падарвана.

Тым не менш, кіраўнік Белага дома не выключае, што можа быць адкладзена першая сустрэча лідараў ЗША і Паўночнай Карэі. Гэта будзе залежаць ад таго, ці выканае Пхеньян вызначаныя ўмовы Вашынгтона, пры гэтым Дональд Трамп не растлумачыў, чаго іменна дабіваецца амерыканскі бок.