Далёкі Усход Расіі пакутуе ад паводкі

18 августа 2013

Узровень вады ў Амуры вось-вось перавысіць гістарычны максімум - шэсць з паловай метраў. З зоны падтаплення, а гэта пяць рэгіёнаў Далёкага Усходу, эвакуіраваныя тысячы чалавек. Затопленыя дзясяткі населеных пунктаў. Напярэдадні былі мабілізаваныя ўсе супрацоўнікі найбуйнейшай далёкаўсходняй ГЭС - Бурэйскай.


Расказвае Юрый Казлоў.


Паводле апошніх звестак, зараз у Прыамур'і падтопленыя амаль шэсць тысяч жылых дамоў. Пад вадой 90 населеных пунктаў. Ад разгулу стыхіі пацярпелі больш за 30 тысяч чалавек. 15 тысяч - эвакуіраваныя. Узровень вады ў Амуры перавысіў рэкордную адзнаку - 642 сантыметры. Апошні раз такі паказчык фіксавалі больш за 100 гадоў таму. Урон ад паводкі пакуль ацэньваецца ў тры мільярды расійскіх рублёў - гэта больш за 90 мільёнаў долараў. Але ўлады рэгіёна заяўляюць, што лічба далёка не канчатковая.


Для пацярпелых ад стыхіі арганізаваныя месцы часовага знаходжання. Туды дастаўляюць ежу і лекі. На дапамогу ратавальнікам прыцягнутыя вайскоўцы. Сумеснымі намаганнямі ўзводзяцца дамбы, умацоўваецца берагавая паласа Амура. Сітуацыю ўскладняе стан спраў на амурскіх ГЭС. Каб пазбегнуць катастрофы, размешчаныя на рацэ гідраэлектрастанцыі вымушаныя скідваць ваду, затапліваючы навакольныя сёлы. Людзям, якія пазбавіліся прыстанішча з-за паводкі, абяцаюць выплаціць кампенсацыі.


Пакуль, дзякуючы скаардынаваным дзеянням экстранных службаў і загадзя праведзенай эвакуацыі жыхароў з небяспечных раёнаў, чалавечых ахвяраў удаецца пазбягаць. Але як доўга гэта будзе працягвацца - незразумела. Ападкі, якія выклікалі паводку, не спыняюцца, вада працягвае імкліва прыбываць, у сярэднім - 15 сантыметраў за суткі. Як паведамляе МНС Расіі, ужо на наступным тыдні Амур паднімецца да новага гістарычнага максімуму - 700 сантыметраў, на цэлы метр перавысіўшы небяспечную адзнаку. Паводле слоў метэаролагаў, паводка на Далёкім Усходзе пойдзе на спад толькі ў сярэдзіне верасня.